Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/07/24/ru_1051365_558877/
Дата раздрукоўкі: 18.05.2021 17:43
24.07.2020 13:24 Палітыка, Грамадства

Валерый Цапкала пакінуў Беларусь

Мінск, 24 ліпеня. Экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Валерый Цапкала са сваімі дзецьмі пакінуў Беларусь, паведаміў БелаПАН кіраўнік прэс-службы штаба Цапкалы Аляксей Урбан.

"Валерый разам з дзецьмі паехаў з Беларусі, — сказаў ён. — Гэта адбылося ўчора позна ўвечары. Такое рашэнне было прынятае з-за боязі за яго бяспеку і бяспеку дзяцей".

14 ліпеня былога дыпламата, чыноўніка, экс-дырэктара Парку высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалу Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў не зарэгістравала кандыдатам у прэзідэнты. Падставай стала прызнанне дакладнымі толькі 78.228 подпісаў выбаршчыкаў за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты, у той час як Выбарчым кодэксам і Канстытуцыяй усталяваная мяжа ў 100 тыс. подпісаў. Усяго Цапкала здаў у ЦВК прыблізна 160 тыс. подпісаў.

Акрамя таго, пры праверцы дэкларацыі аб даходах жонкі прэтэндэнта Веранікі Цапкалы высветлілася, што яна не паказала акцыі "Прыёрбанка". У адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам гэта таксама з`яўляецца падставай для прыняцця ЦВК рашэння аб адмове ў рэгістрацыі.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Цапкалы Андрэй Ланкін заявіў, што штаб прэтэндэнта "зафіксаваў значную колькасць фактаў парушэння Выбарчага кодэкса, якія былі падрабязна выкладзеныя ў скарзе на адрас кіраўніцтва Цэнтрвыбаркама". "Згодна з нашай ацэнкай, больш за 50 тысяч подпісаў былі прызнаныя несапраўднымі на падставе нейкага даследавання Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, якое не мае ніякай юрыдычнай сілы", — сказаў ён.

Раней, нагадаем, сваіх дзяцей вывезла з Беларусі ў бяспечнае месца кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская. Паводле яе слоў, такія меры былі прынятыя з-за таго, што ў пачатку збору подпісаў ёй паступілі пагрозы. Ціханоўская вырашыла балатавацца ў прэзідэнты пасля таго, як ЦВК не зарэгістраваў ініцыятыўную групу яе мужа, вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага, па вылучэнні яго кандыдатам на вышэйшую дзяржаўную пасаду. 29 мая Ціханоўскі быў затрыманы на пікеце па зборы подпісаў, пасля чаго абвінавачаны на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239