Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/07/30/ru_1052060_1052061/
Дата раздрукоўкі: 15.08.2020 16:41
30.07.2020 14:50 Палітыка

Сяргею Ціханоўскаму выстаўленыя новыя абвінавачанні

Мінск, 30 ліпеня. Следчы камітэт паведаміў пра новыя абвінавачанні ў адрас блогера Сяргея Ціханоўскага, мужа кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай, апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча і "іншых асоб". Адна з новых крымінальных спраў звязаная з затрыманымі пад Мінскам баевікамі.

"Галоўным следчым упраўленнем цэнтральнага апарату Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь у дачыненні да С.Ціханоўскага распачаты шэраг крымінальных спраў, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы СК. — Так, у дачыненні да яго распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па фактах здзяйснення наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне іншай сацыяльнай варожасці, заклікаў да здзяйснення гвалтоўна-агрэсіўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў".

Акрамя таго, паведамляе СК, у дачыненні да Ціханоўскага, Статкевіча і "іншых асоб" распачатая справа па факце падрыхтоўкі да масавых беспарадкаў па арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК.

"Таксама ўчора па выніках праверкі аператыўнай інфармацыі, якая паступіла ад спецслужбаў, па падазрэнні ў здзяйсненні названага злачынства былі затрыманыя 33 грамадзяніны Расійскай Федэрацыі, супрацоўнікі ПВК Вагнера, якія пражывалі на тэрыторыі санаторыя "Беларусачка" ў Мінскім раёне, — паведамляе Следчы камітэт. — Цяпер вырашаецца пытанне аб прымяненні да іх меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту".

Паводле інфармацыі СК, працягваецца правядзенне следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, накіраваных на ўстанаўленне асоб, якія маюць дачыненне да падрыхтоўкі і арганізацыі масавых беспарадкаў на тэрыторыі краіны.

Напярэдадні праз дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА была распаўсюджаная інфармацыя аб затрыманні ў ноч на 29 ліпеня пад Мінскам 32 баевікоў замежнай прыватнай ваеннай кампаніі (ПВК). Пазней з'явілася ўдакладненне, што гаворка ідзе пра т.зв. расійскую ПВК Вагнера, акрамя таго, на поўдні краіны затрыманы яшчэ адзін чалавек.

29 ліпеня ў другой палове дня Аляксандр Лукашэнка склікаў экстраннае пасяджэнне Савета бяспекі. Па выніках сустрэчы дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў паведаміў: прынятае рашэнне, што ў месцах правядзення масавых мерапрыемстваў, якія арганізуюць кандыдаты ў прэзідэнты, будзе ажыццяўляцца праверка грамадзян. "Чаму? Таму што па арганізацыйнай структуры затрыманых людзей у іх выразна прасочваюцца пэўныя напрамкі: гэта снайперы, гэта падрыўнікі, гэта айцішнікі. Таму з улікам вось гэтага будзе прыняты шэраг мер арганізацыйнага характару па пытаннях забеспячэння бяспекі", — сказаў Раўкоў.

На раніцу 30 ліпеня ў ЦВК былі выкліканыя кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў, Ганна Канапацкая, Святлана Ціханоўская і Сяргей Чэрачэнь. Пятага кандыдата — Аляксандра Лукашэнку — прадстаўляла яго давераная асоба, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава.

На сустрэчы таксама прысутнічаў дзяржсакратар Савета бяспекі. Пазней ён паведаміў журналістам, што "давёў кандыдатам пэўную інфармацыю для ўліку ў іх дзейнасці". "Агітацыйныя мерапрыемствы будуць праходзіць з павышанымі мерамі бяспекі", — сказаў Раўкоў. Святлана Ціханоўская пасля сустрэчы ў ЦВК заявіла журналістам, што ўсе яе перадвыбарныя агітацыйныя мерапрыемствы будуць праводзіцца па анансаваным плане.

Папулярны відэаблогер Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 мая ў Гродне на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне жонкі кандыдатам у прэзідэнты. Гэта адбылося пасля інцыдэнту з удзелам міліцыянераў, адзін з якіх упаў. Інцыдэнт быў зняты на відэа, з якога бачна, што яго справакавала невядомая жанчына. 8 чэрвеня Ціханоўскаму і яшчэ сямі грамадзянам было выстаўленае абвінавачанне па ч. 1 арт. 342 КК (падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), пра што на наступны дзень паведаміла прэс-служба СК.

Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 мая, калі накіроўваўся на пікет па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты каля Камароўскага рынку ў Мінску. На наступны дзень суд пастанавіў арыштаваць яго на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Падчас адбыцця пакарання яму прызначылі яшчэ адзін 15-сутачны арышт.

1 ліпеня адвакат Статкевіча паведаміў БелаПАН, што яго падабаронны павінен быў 30 чэрвеня выйсці на волю, але яго не выпусцілі. За дзень да гэтага, 29 чэрвеня, палітыка прызналі падазраваным па ч. 1 арт. 342 КК і арыштавалі. Абвінавачанне Статкевічу выставілі 8 ліпеня.

24 ліпеня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з калектывам 5-й асобнай брыгады спецназу ў Мар'інай Горцы заявіў, што "ўсякія войны цяпер пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацый, потым — майданы". "На майдан, калі сваіх няма (у нас замала "майданутых"), іх падцягнуць з боку. Гэта прафесійныя вайскоўцы, бандыты, якія спецыяльна рыхтуюцца, у асноўным у рамках ПВК (прыватныя ваенныя кампаніі) ва ўсім свеце, і зарабляюць вялікія грошы на правакацыях у тых ці іншых дзяржавах", — сказаў Лукашэнка.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239