Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/07/30/ru_1052164_1052165/
Дата раздрукоўкі: 15.08.2020 17:25
30.07.2020 21:39 Палітыка, Грамадства

Ціханоўская: Я іду ў прэзідэнты не дзеля сябе — дзеля сваіх і вашых дзяцей

Мінск, 30 ліпеня. "Я іду ў прэзідэнты не дзеля сябе, а дзеля свайго мужа, дзеля сваіх і вашых дзяцей, дзеля вас саміх", — заявіла кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская на перадвыбарным мітынгу, які праходзіць 30 ліпеня ў сталічным парку Дружбы Народаў.

Ціханоўская пачала прамову па-беларуску і адзначыла, што яе муж блогер Сяргей Ціханоўскі "расплюшчыў людзям вочы і даў ім надзею на перамены, абудзіў у іх смеласць і веру ў сябе". "Людзі ўбачылі ў Сяргею Ціханоўскім будучага прэзідэнта, а ўлада — сур`ёзнага апанента. За свае перакананні і праўду, якую ён нёс у народ, мой муж знаходзіцца ў СІЗА ўжо два месяцы, але за яго ўстала я, яго жонка", — адзначыла кандыдат у прэзідэнты.

Яна чарговым разам заявіла, што не з`яўляецца палітыкам і ўлада ёй не патрэбная. "Я вымушаная была схаваць сваіх дзяцей дзеля іх бяспекі, я ахвяравала спакойным жыццём дзеля нас усіх. Я стамілася цярпець, стамілася маўчаць, стамілася баяцца. А вы стаміліся трываць? А вы стаміліся маўчаць? А вы стаміліся баяцца?" — запыталася яна. Пасля гэтага людзі пачалі скандаваць: "Хопіць баяцца — час супраціўляцца!"

Ціханоўская раскрытыкавала цяперашнюю дзяржаўную сістэму, таму што ўлада, паводле яе слоў, зараз знаходзіць грошы толькі на свае патрэбы, а не на дапамогу дзецям і старым.

Кандыдат нагадала, што 14 ліпеня, калі не зарэгістравалі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу, людзі выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту. "Мірных людзей білі і забіралі ў аўтазакі. Я глядзела на міліцыю і АМАП і думала: што вы робіце? (Прысутныя на мітынгу пачалі скандаваць "Ганьба!". — БелаПАН.) Бо на вуліцу выходзяць Вашы маці, вашыя дзеці, вашы браты і сёстры. Не трэба іх біць! Людзі ідуць з мірам, хочуць выказаць сваё меркаванне", — заклікала Ціханоўская.

Яна звярнулася да супрацоўнікаў праваахоўных органаў і вайскоўцаў: "Дарагія, паглядзіце нам у вочы — мы такія ж людзі, як і вы. Людзі, якія хочуць годнага жыцця, — не злачынцы. Беларусы, якія падтрымліваюць альтэрнатыўных кандыдатаў, — не злачынцы. Гэта наш народ, які хоча мірнай змены ўлады. Калі ласка, не ідзіце супраць свайго сумлення, не ідзіце супраць свайго народа!"

Ціханоўская сказала, што ўчора, калі стала вядома пра затрыманне ў Беларусі нібыта групы баевікоў расійскай прыватнай вайсковай кампаніі, у аб`яднаным штабе прэтэндэнтаў у прэзідэнты абмяркоўвалі, каму гэтых баевікоў "прывяжуць": "Думалі, што абвесцяць надзвычайнае становішча і забароняць праводзіць пікеты, каб мы не маглі з вамі размаўляць".

"Другі варыянт: будзе нейкая правакацыя, яе прыпішуць нашаму штабу, і гэта стане падставай для майго зняцця. Але бяда прыйшла адкуль не чакалі. Гэтую групоўку баевікоў "прывязалі" да Сяргея Ціханоўскага", — адзначыла кандыдат.

Такімі дзеяннямі ўлада, паводле яе слоў, ламае лёс не толькі Ціханоўскаму, але і ўсім палітвязням, іх сем`ям і ўсяму народу: "Гэтая сітуацыя з баевікамі вельмі страшная. Я толькі ў страшным сне магу ўявіць, куды яны могуць яшчэ прывязаць гэтых баевікоў".

Яна задалася пытаннем, куды глядзелі спецслужбы — з улікам інфармацыі аб тым, што прадстаўнікі прыватных ваенных кампаній часта бывалі ў Беларусі і выкарыстоўвалі краіну як перавалачную базу.

На завяршэнне выступлення кандыдат заклікала людзей не галасаваць датэрмінова, а прыйсці на ўчасткі 9 жніўня і прагаласаваць за яе. Ціханоўская падкрэсліла, што яна і яе прыхільнікі хочуць толькі мірных перамен. Яна зноў паабяцала ў выпадку прыходу да ўлады вызваліць палітычных і эканамічных зняволеных, правесці рэферэндум аб вяртанні Канстытуцыі 1994 года і новыя, сумленныя і справядлівыя, выбары.

"Толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцця", — падагульніла кандыдат у прэзідэнты.

З 17.30 да 20.30 на мітынг прыйшло 63 тысячы чалавек. Такія звесткі прыводзіць у сваім тэлеграм-канале валанцёрская служба пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра "Вясна".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239