Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/07/31/ru_1052260_558877/
Дата раздрукоўкі: 01.10.2020 01:07
31.07.2020 16:14 Палітыка, Грамадства

Пасол РФ: Мы не можам дазволіць, каб сітуацыя з затрыманнем расійскіх грамадзян адбілася на саюзніцкіх адносінах

Мінск, 31 ліпеня. "Мы не можам сабе дазволіць, каб сітуацыя з ПВК, якая павінна вырашыцца, мяркую, самым хуткім чынам і расійскія грамадзяне павінны быць вызваленыя, адбілася на саюзніцкіх адносінах", — заявіў журналістам 31 ліпеня ў Мінску на адкрыцці навукова-тэхнічнага цэнтра холдынга "Амкадор" пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў.

"Мы павінны рабіць усё, каб не дапускаць падобнага кшталту падзеі надалей, — сказаў кіраўнік дыпмісіі РФ. — Трэба чуць адзін аднаго, папярэджваць адзін аднаго. Жыццё настолькі багатае, што можа падкідваць любыя абставіны, якія мы абавязаныя сумесна аналізаваць і нават апярэджваць, падтрымліваючы ўнікальны паслядоўны характар адносін. І дапускаць пагрозы гэтым адносінам ніхто права не мае".

Паводле інфармацыі Мезенцава, найбліжэйшым часам консульскія супрацоўнікі пасольства сустрэнуцца з затрыманымі расійскімі грамадзянамі. "Мяркуем, што ў найбліжэйшыя гадзіну-дзве такая сустрэча адбудзецца", — сказаў пасол.

Як паведамлялася, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 31 ліпеня абмеркаваў з Саветам бяспекі РФ затрыманне групы расіян у Беларусі. "Адбылася грунтоўная размова пра інцыдэнт з затрыманнем расійскіх грамадзян у Беларусі, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Крамля. — Выказаная надзея на тое, што найбліжэйшым часам у гэтую сітуацыю будзе ўнесеная яснасць і беспадстаўна затрыманыя расійскія грамадзяне будуць вызваленыя".

Аб затрыманні ў ноч на 29 ліпеня пад Мінскам 32 баевікоў замежнай прыватнай ваеннай кампаніі (ПВК) паведамілі ў той жа дзень беларускія дзяржаўныя СМІ. Пазней з'явілася ўдакладненне, што гаворка ідзе пра так званую расійскую ПВК Вагнера, акрамя таго, на поўдні краіны затрыманы яшчэ адзін чалавек.

30 ліпеня дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў журналістам, што па факце затрымання расійскіх баевікоў пад Мінскам распачатая крымінальная справа аб падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў. "33 баевікі затрыманыя, да двухсот — недзе знаходзяцца на тэрыторыі [Беларусі], паводле аператыўнай інфармацыі. Ідуць пошукі. Гэта як іголка ў стозе сена", — сказаў Раўкоў.

У сваю чаргу МЗС РФ увечары 30 ліпеня выступіла з заявай, у якой гаворыцца, што "адыёзная трактоўка беларускім бокам затрымання 33 грамадзян Расіі не вытрымлівае ніякай крытыкі".

"На сёння нам вядома, што гэтая група накіроўвалася транзітам цераз Мінск у Стамбул, маючы на руках усе неабходныя дакументы, уключаючы авіябілеты, — адзначыла знешнепалітычнае ведамства. — Усю лагістыку на тэрыторыі Беларусі забяспечвала беларуская кампанія. З невядомых прычын група не трапіла на свой рэйс Мінск — Стамбул і вымушаная была затрымацца ў Беларусі ў чаканні набыцця новых авіябілетаў беларускай кампаніяй".

"Спроба паказаць здарэнне як знешняе ўмяшанне ў справы рэспублікі выклікае, па меншай меры, здзіўленне. У распараджэнні беларускіх уладаў, у тым ліку авіяцыйных, ёсць усе неабходныя дакументы для ўстанаўлення ісціны", — падкрэсліваецца ў дакуменце.

МЗС РФ настойвае на неадкладным забеспячэнні доступу консульскіх супрацоўнікаў да затрыманых.

"Неабходна спыніць нагнятанне непатрэбных, асабліва ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў, негатыўных эмоцый", — заклікала расійскае знешнепалітычнае ведамства.

У той жа час Украіна мае намер прасіць аб экстрадыцыі затрыманых, заяўляючы пра іх удзел у баявых дзеяннях у Данбасе на баку сепаратыстаў.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239