Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/08/01/ru_1052390_1052391/
Дата раздрукоўкі: 15.08.2020 16:33
01.08.2020 21:18 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка пра затрыманых расіян: Ніякага Стамбула не было і быць не магло

Мінск, 1 жніўня. Аляксандр Лукашэнка 1 жніўня заслухаў даклад старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка і старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча па сітуацыі з затрыманымі 29 ліпеня расіянамі "са складу прыватнай ваеннай кампаніі", паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

"Многія факты (вы мне пісьмова далажылі) цікавыя. Я гляджу, прымоўклі і нашы старэйшыя браты. Ужо не крычаць, што яны пасылалі гэтых хлопцаў у Стамбул. Ніякага Стамбула не было і быць не магло, як аказалася на паверку. Ясна, што ў гэтай групы былі іншыя мэты. І задача следства — высветліць гэтыя мэты", — сказаў афіцыйны лідар.

Лукашэнка папрасіў з затрыманымі абыходзіцца акуратна: "Яны, вядома, вінаватыя, але не настолькі, каб у дачыненні да іх прымаць нейкія жорсткія меры. Гэта салдаты. Ім загадалі — яны пайшлі. Разбірацца трэба з тымі, хто загадваў, хто іх сюды пасылаў".

"Малайцы, што высветлілі, што гэта першая група. Я так разумею, гэта толькі першая група са 180 або 200 чалавек, якая планавалася да перакідкі ў Беларусь. І прытым, калі я гэта кажу (я прачытаў даклад), гэта дакладныя дадзеныя сёння. І спроба там цяпер схаваць "хвост" у Расіі і сказаць, што вось ледзь не яны з намі ўзгаднілі прыезд гэтай групы, гэта поўнае глупства", — заявіў афіцыйны лідар.

Ён растлумачыў, што, якія б мерапрыемствы ні праводзіліся ў Беларусі з удзелам расійскіх вайскоўцаў, "былых, цяперашніх, будучых", заўсёды адпаведныя ведамствы дзвюх краін узаемадзейнічаюць. "І ў нас дазвол толькі прэзідэнт можа даць на прыезд вайскоўцаў, на наведванне Беларусі. Тэхнікі, без тэхнікі, самалёты, верталёты і гэтак далей... Ніякіх дазволаў ніхто не даваў. Больш за тое, у нас сёння выклікаюць сур'ёзныя падазрэнні тыя мэты, якія сабе група ставіла", — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што беларускі бок адкрыты для ўзаемадзеяння па сітуацыі, якая склалася: "На хлусні мы палітыку не пабудуем. Перакрыкваючы адзін аднаго ў сродках масавай інфармацыі, пытанне не вырашым. Таму, калі ў кагосьці ёсць жаданне з расіян атрымаць дадатковую інфармацыю, мы заўсёды адкрытыя. Мы нічога не хаваем, але нам патрэбна праўда".

"Следства вядзе Следчы камітэт, аператыўнае суправаджэнне — за вамі (КДБ. — БелаПАН.) і міліцыяй. Падключайце людзей, калі вам трэба, аператыўнікаў. Працуйце акуратна. Але праўда павінна быць паказаная грамадству", — запатрабаваў Лукашэнка.

Аб затрыманні ў ноч на 29 ліпеня пад Мінскам 32 баевікоў замежнай прыватнай ваеннай кампаніі (ПВК) паведамілі беларускія дзяржаўныя СМІ. Пазней з'явілася ўдакладненне, што гаворка ідзе пра т.зв. расійскую ПВК Вагнера, акрамя таго, на поўдні краіны затрыманы яшчэ адзін чалавек.

30 ліпеня дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў журналістам, што па факце затрымання расійскіх баевікоў пад Мінскам распачатая крымінальная справа аб падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў. "33 баевікі затрыманыя, да двухсот — дзесьці знаходзяцца на тэрыторыі [Беларусі], паводле аператыўнай інфармацыі. Ідуць пошукі. Гэта як іголка ў стозе сена", — сказаў Раўкоў.

МЗС РФ увечары 30 ліпеня выступіла з заявай, у якой гаварылася, што "адыёзная трактоўка беларускім бокам затрымання 33 грамадзян Расіі не вытрымлівае ніякай крытыкі".

"На сёння нам вядома, што названая група накіроўвалася транзітам праз Мінск у Стамбул, маючы на руках усе неабходныя дакументы, уключаючы авіябілеты, — адзначыла знешнепалітычнае ведамства. — Усю лагістыку на тэрыторыі Беларусі забяспечвала беларуская кампанія. Па невядомых прычынах група не патрапіла на свой рэйс Мінск — Стамбул і вымушана была затрымацца ў Беларусі ў чаканні набыцця новых авіябілетаў беларускай кампаніяй".

"Спроба прадставіць здарэнне як знешняе ўмяшанне ў справы рэспублікі выклікае, па меншай меры, здзіўленне. У распараджэнні беларускіх уладаў, у тым ліку авіяцыйных, ёсць усе неабходныя дакументы для ўстанаўлення ісціны", — падкрэсліваецца ў дакуменце.

"Неабходна спыніць нагнятанне непатрэбных, асабліва ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў, негатыўных эмоцый", — заклікала расійскае знешнепалітычнае ведамства.

31 ліпеня сітуацыя была абмеркаваная на пасяджэнні Савета бяспекі Расіі з удзелам прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. "Адбылася грунтоўны размова пра інцыдэнт з затрыманнем расійскіх грамадзян у Беларусі, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Крамля. — Выказана надзея на тое, што ўжо найбліжэйшым часам у гэтую сітуацыю будзе ўнесеная яснасць і беспадстаўна затрыманыя расійскія грамадзяне будуць вызваленыя".

У той жа час Украіна мае намер прасіць аб экстрадыцыі 28 з 33 затрыманых, заяўляючы аб іх удзеле ў баявых дзеяннях у Данбасе на баку сепаратыстаў. Пры гэтым Кіеў лічыць дзевяць чалавек украінскімі грамадзянамі.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239