Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/08/10/ru_1053802_254174/
Дата раздрукоўкі: 26.09.2020 09:23
10.08.2020 17:30 Палітыка, Грамадства

Праваабаронцы: Гэта былі найгоршыя выбары за ўсю электаральную гісторыю Беларусі

Мінск, 10 жніўня. Кампанія назірання "Праваабаронцы за свабодныя выбары" лічыць, што прэзідэнцкая выбарчая кампанія ў Беларусі была "далёкая ад стандартаў свабодных і справядлівых выбараў" і прайшла з "крытычнымі праблемамі", заявіў на прэс-канферэнцыі 10 жніўня ў Мінску кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак.

Кампанію "Праваабаронцы за свабодныя выбары" праводзяць РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт" і закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна".

"Тое, што мы бачылі, вельмі далёкае ад стандартаў свабодных і справядлівых выбараў, менавіта таму, відавочна, мы ўбачылі тую актыўнасць людзей, якія, зразумела, не давяраюць вынікам гэтых выбараў. Усе этапы былі з вельмі вялікімі праблемамі, з крытычнымі праблемамі", — падкрэсліў Гулак.

Паводле яго слоў, рэпрэсіі, націск на палітычных апанентаў, патэнцыйных кандыдатаў пачаліся яшчэ да кампаніі і не спыніліся з абвяшчэннем выбараў: былі затрыманыя ўдзельнікі выбарчага працэсу, камісіі былі сфармаваныя з яшчэ меншай колькасцю прадстаўнікоў апазіцыі, працэдура рэгістрацыі кандыдатаў выклікала шэраг пытанняў. На гэтым фоне, тым не менш, фіксавалася значна большая, чым падчас папярэдніх кампаній, актыўнасць выбаршчыкаў.

"Чым бліжэй да канца выбараў, тым большы быў напал", — дадаў Гулак. На яго думку, рашэнне аб абмежаванні назіральнікаў на ўчастку прывяло да таго, што "назіранне было фактычна сарванае".

"З 798 назіральнікаў, якіх мы вылучылі на ўчасткі, толькі 93 змаглі назіраць розныя этапы кампаніі, толькі адзін — увесь працэс галасавання, толькі тры былі пакінутыя на падліку", — паведаміў прадстаўнік цэнтра "Вясна" Уладзімір Лабковіч.

Паводле падлікаў праваабаронцаў, больш за 150 назіральнікаў розных ініцыятыў (дзевяць ад "Праваабаронцаў за свабодныя выбары") былі затрыманыя, многія з іх не вызваленыя дагэтуль. Да 70% назіральнікаў ініцыятывы фіксавалі факты завышэння яўкі, прыблізна 40% фіксавалі факты прымусу да датэрміновага галасавання. "Фальсіфікацыя яўкі, — дадаў Лабковіч, — прывяла да таго, што на больш як 10 участках у дзень выбараў мы фіксавалі факты, калі бюлетэні "пераліваліся цераз край", іх было больш, чым 100%, на некаторых — да 130%".

"Мы канстатуем у цэлым, што выбарчы працэс на ўсіх этапах не адпавядаў міжнародным стандартам, парушаў прынцыпы і патрабаванні нацыянальнага заканадаўства і не з`яўляўся рэальным адлюстраваннем волевыяўлення беларускага народа", — падкрэсліў праваабаронца.

На думку Лабковіча, гэта былі найгоршыя выбары за ўсю электаральную гісторыю Рэспублікі Беларусь.

Вечарам 9 жніўня ў Мінску і іншых гарадах прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Сілавікі прымянілі святлошумавыя гранаты, гумовыя кулі і вадамёт.

Афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава паведаміла ў сваім тэлеграм-канале, што "ў ноч з 9 на 10 жніўня ў краіне былі зафіксаваныя ачаговыя зборы грамадзян у раёне выбарчых участкаў і на цэнтральных плошчах у 33 населеных пунктах". Згодна з яе інфармацыяй, па ўсёй Беларусі за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах было затрымана прыблізна тры тысячы чалавек, з іх каля тысячы — у Мінску, больш за дзве тысячы — у іншых рэгіёнах.

"У выніку сутыкненняў пацярпелі больш за 50 грамадзян, а таксама 39 супрацоўнікаў міліцыі, некаторыя з іх у цяперашні час шпіталізаваныя", — паведаміла Чамаданава.

Кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч раніцай 10 жніўня паведаміў аб распачынанні спраў на падставе розных частак артыкула 293 КК "па фактах масавых беспарадкаў і гвалту ў дачыненні да міліцыі", якія "мелі месца на тэрыторыі горада Мінска і шэрагу іншых рэгіёнаў краіны сёння ноччу". "Адказнасць за гэтыя дзеянні адпаведна — да 8 і 15 гадоў пазбаўлення волі", — сказаў старшыня СК.

Вольга Быкоўская, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239