Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/08/11/eu_1054034_587412/
Дата раздрукоўкі: 20.10.2020 23:40
11.08.2020 18:49 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Дэпутаты Еўрапарламента: Беларускі рэжым перайшоў чырвоную рысу, калі выкарыстаў беспрэцэдэнтны гвалт

Мінск, 11 жніўня. Беларускі рэжым перайшоў чырвоную рысу, кал выкарыстаў беспрэцэдэнтны гвалт у дачыненні да сваіх грамадзян, якія патрабуюць свабоды і дэмакратычных пераўтварэнняў, гаворыцца ў заяве групы з 23 дэпутатаў Еўрапарламента. Тэкст БелаПАН перадаў дакладчык Еўрапарламента па сітуацыі ў Беларусі, еўрадэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус.

"Праз абмежаванні і парушэнні беларускім рэжымам асноўных свабод, правоў чалавека і ашуканскія працэдуры выбараў мы не прызнаем прэзідэнцкія выбары, якія адбыліся 9 жніўня ў Беларусі, ні як свабодныя і справядлівыя, ні як законныя", — гаворыцца ў заяве. Сярод яго падпісантаў у асноўным члены дэлегацыі Еўрапейскага парламента па адносінах з Беларуссю і дакладчыкі па краіне.

Еўрапарламентарыі асуджаюць рэпрэсіі і жорсткія арышты тысяч беларускіх грамадзян, сярод якіх актывісты, праваабаронцы, палітычныя апаненты, члены іх каманд, прадстаўнікі незалежных СМІ і блогеры, а таксама абмежаванне іх права на мірныя сходы і асацыяцыі.

"Гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў у ноч пасля абвяшчэння меркаваных вынікаў выбараў прыняў нябачаны раней маштаб і не можа быць апраўданы і паўтораны", — падкрэсліваецца ў заяве.

Еўрапарламентарыі "глыбока занепакоеныя адрозненнямі ў выніках экзітполаў, пададзеных беларускай дзяржавай і незалежныя назіральнікамі". Яны шкадуюць пра абмежаванні ў дачыненні да незалежных назіральнікаў і падтрымліваюць самаадданасць беларускага грамадзянскай супольнасці, якая "даказала сваю сталасць і арганізаванасць, падаючы каштоўныя даныя незалежнага назірання за выбарамі".

Дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі, неадкладна і безумоўна вызваліць усіх затрыманых і палітычных зняволеных і аднавіць доступ у інтэрнэт разам з іншымі сродкамі сувязі для грамадзян Беларусі. Яны таксама заклікаюць беларускі рэжым уступіць у дыялог з апазіцыйнымі партыямі і грамадзянскімі актывістамі для дасягнення кансэнсусу аб выніках галасавання 9 жніўня шляхам публікацыі рэальных вынікаў, устаноўленых на кожным выбарчым участку.

"Дзеянні беларускага рэжыму злачынныя. Яны супраць еўрапейскіх каштоўнасцяў і прынцыпаў дэмакратыі. Што яшчэ больш важна, яны супярэчаць волі беларускага народа", — падкрэсліваюць еўрапарламентарыі.

Яны заклікаюць кіраўніцтва ЕС ацаніць і адпаведна перагледзець адносіны з Беларуссю, прыпыніць перамовы па прыярытэтах партнёрства ЕС — Беларусь.

"Фінансавая падтрымка ЕС ніякім чынам не можа прынесці карысць беларускаму рэжыму. Яе неабходна накіроўваць праз надзейных партнёраў, у тым ліку грамадзянскую супольнасць Беларусі, каб забяспечыць дапамогу і адчувальныя вынікі для беларускага народа. Такую падтрымку варта павялічыць у адпаведнасці з патрэбамі. Сярод прыярытэтаў — даванне магчымасцяў арганізацыям грамадзянскай супольнасці, дапамога ахвярам рэпрэсій і гвалту. Еўрапейская камісія павінна наладзіць больш цеснае супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю Беларусі ў межах ініцыятывы "Усходняе партнёрства", — гаворыцца ў заяве.

Дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць кіраўніцтва ЕС прымяніць адрасныя санкцыі супраць усіх вінаватых у фальсіфікацыі выбараў, гвалце і рэпрэсіях. "Гэтыя санкцыі павінны ўключаць не толькі вышэйшых службовых асоб Беларусі і членаў іх сем'яў, але таксама службовых асоб сярэдняга звяна рэпрэсіўных структур і цэнтральнай выбарчай камісіі. Спіс накладзеных абмежаванняў павінен уключаць забарону на паездкі ў ЕС і замарожванне іх актываў у ЕС, і яны павінны прымяняцца да тых часоў, пакуль у Беларусі не адбудуцца законныя, свабодныя і справядлівыя выбары. ЕС павінен забяспечыць прынцыповы і каштоўнасны падыход да Беларусі і імкнення людзей да свабоды і дэмакратычных перамен", — заяўляюць еўрапарламентарыі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239