Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/08/15/ru_1054969_123/
Дата раздрукоўкі: 18.05.2021 17:08
15.08.2020 13:01 Палітыка, Грамадства

У Мінску развітваюцца з загінулым на акцыі пратэсту Аляксандрам Тарайкоўскім (абноўлена)

Мінск, 15 жніўня. У Мінску развітваюцца з загінулым увечары 10 жніўня на акцыі пратэсту каля станцыі метро "Пушкінская" Аляксандрам Тарайкоўскім.

Развітанне праходзіць у рытуальнай зале на вуліцы Альшэўскага недалёка ад месца яго гібелі. Да 12-й гадзіны развітацца з загінулым да рытуальнай залы прыйшло прыкладна 400-500 чалавек. Іх колькасць паступова павялічваецца.

Сваякі заклікалі людзей, якія хочуць развітацца з Тарайкоўскім, зрабіць гэта на месцы яго гібелі. Таму частка тых, хто прыехаў да рытуальнай залы, адразу ж накіроўваюцца да станцыі метро "Пушкінская".

Абнаўленне. У гэтым месцы ў хвіліны развітання з Тарайкоўскім сабраліся тысячы людзей. Яны занялі ўвесь схіл ля гасцініцы "Арбіта" і кінатэатра "Аўрора", стаяць на тратуарах па ўсіх баках скрыжавання праспекта Пушкіна і вуліцы Прытыцкага. Людзі трымаюць шматлікія бел-чырвона-белыя сцягі і транспаранты, сярод якіх "Чаму маўчыць пракуратура?", скандуюць "Не даруем!" і "Забастоўка!", "Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго".

На месцы гібелі Тарайкоўскага насыпаны курган з кветак. Стаяць запаленыя лампады і свечкі. Аўтамабілі на Пушкіна і Прытыцкага бесперапынку сігналяць.

34-гадовы жыхар Мінска Аляксандр Тарайкоўскі загінуў вечарам 10 жніўня ля станцыі метро "Пушкінская" падчас разгону мітынгоўцаў сілавікамі.

МУС сцвярджае, што ён "спрабаваў кінуць у бок праваахоўнікаў неўстаноўленае выбуховае прыстасаванне", якое разарвалася ў яго ў руцэ.

Сябры і родныя Тарайкоўскага не вераць у афіцыйную версію трагедыі і заяўляюць у СМІ, што на мітынг ён пайшоў у шортах і майцы, а пры сабе ў яго быў толькі тэлефон.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239