Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/08/28/ru_1057205_225877/
Дата раздрукоўкі: 29.09.2020 10:44
28.08.2020 07:56 Палітыка, Грамадства

Кіраўнік МЗС Украіны: Усе кантакты з беларускім бокам пастаўленыя на паўзу

Мінск, 28 жніўня. "У нас па сутнасці ўсе працэсы, усе кантакты з беларускім бокам пастаўленыя на паўзу. Я магу афіцыйна пра гэта заявіць", — паведаміў міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба на палітычным ток-шоу "Права на ўладу" ўкраінскага тэлеканала "1+1".

"Мы сочым за развіццём сітуацыі. І толькі калі мы пераканаемся ў тым, што гэтыя кантакты не будуць несці ні рэпутацыйных, ні палітычных, ні маральных страт для Украіны, гэтыя кантакты будуць адноўленыя. Гэта наша пазіцыя і наш адказ на тыя дзеянні, якія былі зробленыя", — сказаў Кулеба.

Ён не пагадзіўся з меркаваннем вядучай, што Украіна займае пасіўную пазіцыю адносна падзей у Беларусі. "Я асабіста ініцыяваў трохбаковую заяву міністраў замежных спраў Люблінскага трохкутніка — Польшчы, Літвы, Украіны, у якім мы асудзілі гвалт, у якім мы вельмі выразна выказаліся аб неабходнасці нацыянальнага дыялогу ў Беларусі. Затым была заява МЗС, дзе мы больш дэталёва выказалі сваю пазіцыю, адзначылі, што ў цэлым падзяляем пазіцыю Еўрапейскага саюза па гэтым пытанні", — адзначыў міністр.

"Акрамя таго, — працягнуў ён, — вы чулі выразныя заявы прэзідэнта Украіны. Мы зрабілі тое, што пакуль не зрабіла ніводная краіна: мы выклікалі свайго пасла на кансультацыі ў сувязі з падзеямі, якія разгортваюцца ў Беларусі".

На ўзроўні прэзідэнтаў, паводле слоў Кулебы, не адбываецца нічога. "Апошнім разам яны размаўлялі перад выбарамі, пасля выбараў кантактаў паміж імі не было. Прэзідэнт Украіны пракаментаваў нядаўна і выказаўся па сітуацыі, за мэтазгоднасць правядзення паўторных выбараў. Пасля гэтага прэс-служба МЗС Беларусі адказала ("ва ўкраінскага кіраўніцтва яшчэ шмат гадоў будзе мноства пытанняў больш важных, якімі трэба штодзённа займацца ўнутры сваёй краіны, чым раздаваць парады суседзям". — БелаПАН.), а мы адпаведна ўдарылі ў адказ ("рэкамендуем не адмаўляцца ад каштоўных сяброўскіх парад". — БелаПАН.), таму што, на нашу думку, заява МЗС Беларусі не змяшчала павагі да ўкраінскага баку. Але кантактаў паміж прэзідэнтамі няма і не плануецца", — падкрэсліў Кулеба.

"У прэзідэнта і ўрада Украіны ёсць настрой максімальна спрыяць грамадзянам Беларусі, — адзначыў ён. — І мы вельмі выразна за гэта выказваемся, што ў гэтыя цяжкія дні мы хочам падтрымаць братэрскі, сяброўскі для нас народ Беларусі... Дзяржаўная памежная служба мае мандат паводле гуманітарных меркаванняў пускаць грамадзян Беларусі на тэрыторыю Украіны".

Каментуючы вынікі перамоў з першым намеснікам дзяржсакратара ЗША Стывенам Біганам, якія прайшлі 27 жніўня ў Кіеве, Кулеба заявіў: "Для нас ключавое — каб уплыў Расіі на падзеі ў Беларусі не ўзрастаў і не пераходзіў у сілавы сцэнар".

Міністр таксама паведаміў, што будзе разгледжанае пытанне аб працягласці легальнага знаходжання беларускіх грамадзян на тэрыторыі Украіны (цяпер не больш за 90 дзён запар).

Былы генеральны пракурор Юрый Луцэнка заявіў на ток-шоу, што цалкам падтрымлівае пазіцыю кіраўніка МЗС: "Тактычна яны зрабілі ўсё слушна. Непрызнанне выбараў, непрыняцце гвалту, замарожаныя адносіны... Стратэгічна Украіна павінна памятаць адно: у нацыянальных інтарэсах Украіны мець Беларусь <...> як краіну, дзе людзі могуць свабодна мяняць уладу. Гэта адзіная рэч, якая засцеражэ нас ад прасоўвання "рускага свету". Якая гэта ўлада будзе — гэта справа Беларусі".

27 жніўня прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што, нягледзячы на вяртанне каранціну з-за пандэміі каранавіруса (з 29 жніўня да 28 верасня), беларускія грамадзяне, якія жадаюць атрымаць абарону, могуць уязджаць ва Украіну, паведаміўшы пра гэта памежнікам.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239