Прэс-сакратар Каардынацыйнай рады таксама выкліканы на допыт у Следчы камітэт
Мінск, 31 жніўня. Прэс-сакратар Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне Антон Раднянкоў таксама выкліканы ў Следчы камітэт. Яму належыць з'явіцца 1 верасня ў 10 гадзін, паведаміла прэс-служба КР.
Сёння супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю затрымалі члена КР міжнароднага медыятара Лілію Уласаву, у яе кватэры прайшоў вобшук.
"Раней раніцай яна была выкліканая на 15.00 у Цэнтральнае РУУС Мінска па факце ўдзелу ў несанкцыянаваным мітынгу", — паведаміла прэс-служба.
Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне створаная з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай, якая знаходзіцца ў Літве. Першае яе пасяджэнне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэння і дзейнасці КР распачатая справа паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).
На допыты ў Следчы камітэт па гэтай крымінальнай справе былі выкліканыя члены прэзідыума КР: юрыст Максім Знак, лідар страйкама МТЗ Сяргей Дылеўскі, міжнародны медыятар Лілія Уласава, былы дыпламат, чыноўнік і экс-дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка, нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Святлана Алексіевіч, каардынатар перадвыбарнага штаба Віктара Бабарыкі, паплечніца Святланы Ціханоўскай Марыя Калеснікава.
Два члены прэзідыума рады — Сяргей Дылеўскі і давераная асоба Ціханоўскай Вольга Кавалькова — зараз знаходзяцца ў ІЧУ ў Жодзіне, дзе адбываюць 10-сутачны адміністрацыйны арышт паводле абвінавачання ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Яны былі затрыманыя раніцай 24 жніўня каля прахадной МТЗ.
28 жніўня невядомымі быў затрыманы член Каардынацыйнай рады, а таксама каардынатар штаба былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі Віталь Крыўко.
Згодна з рэзалюцыяй КР, рада ставіць сваёй мэтай не змену канстытуцыйнага ладу, а выхад з палітычнага крызісу, які склаўся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, і забеспячэнне згоды ў грамадстве на аснове Канстытуцыі.