Сустаршыня страйкама "Беларуськалія" Бокун арыштаваны на 15 сутак
Мінск, 31 жніўня. Сустаршыня страйкавага камітэта "Беларуськалія" Анатоль Бокун арыштаваны на 15 сутак, паведаміў сёння ўвечары тэлеграм-канал страйкама. Раней Бокун быў затрыманы і дастаўлены ў міліцыю.
24 жніўня актывіста аштрафавалі на 25 базавых велічыняў (675 рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
19 жніўня на мітынгу ў цэнтры Салігорска прадстаўнікі страйкама "Беларуськалія" заявілі аб гатоўнасці пачаць галадоўку, калі на шахцёраў, якія бастуюць, будзе аказвацца націск: пагрозы, звальнення, сілавое ўздзеянне. У страйкаме падкрэслілі, што згодна з Канстытуцыяй працоўныя "маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, у тым ліку праз рэалізацыю права на забастоўку".
На мітынгу быў абнародаваны спіс патрабаванняў страйкама, у ліку якіх: прызнаць вынікі выбараў прэзідэнта несапраўднымі; прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку і кіраўніка ЦВК Лідзію Ярмошыну да адказнасці за злачынства супраць народа і фальсіфікацыю выбараў; вызваліць усіх палітвязняў і ўдзельнікаў мірных акцый, прызнаць усе пастановы і прысуды, вынесеныя ў дачыненні да іх, неабгрунтаванымі і незаконнымі; не дапускаць прымянення мер адміністрацыйнага ўздзеяння ў выглядзе дысцыплінарнага, адміністрацыйнага і крымінальнага пакарання ў дачыненні да ўдзельнікаў страйку.
На той момант, паводле звестках страйкама, была спыненая праца трох з чатырох абагачальных фабрык, але частка рабочых выдавала руду на паверхню з-за націску адміністрацыі прадпрыемства.