Мінінфарм патлумачыў прычыны блакіроўкі сайта Naviny.by
Мінск, 31 жніўня. Прычынай блакавання сайта Naviny.by — інтэрнэт-газеты БелаПАН — сталі артыкулы, якія, на думку ўлад, "негатыўна характарызуюць сітуацыю ў Беларусі пасля заканчэння электаральнай кампаніі і дыскрэдытуюць дзейнасць дзяржаўных органаў".
Гэта вынікае з ліста за подпісам міністра інфармацыі Ігара Луцкага, які атрымала і апублікавала рэдакцыя інтэрнэт-выдання "Наша Ніва" (nn.by).
Сайты Naviny.by і nn.by былі заблакаваныя ўвечары 28 жніўня. Рэдакцыя БелаПАН пакуль не атрымлівала афіцыйных апавяшчэнняў ад Міністэрства інфармацыі. Аднак, як вынікае з дакумента, які паступіў у "Нашу Ніву", незадаволенасць улад выклікалі наступныя артыкулы, апублікаваныя на Naviny.by:
— "Звычайны чалавек не можа так бессэнсоўна і жорстка біць чалавека ні за што";
— "Сука, расстаў ногі шырэй". Як на Акрэсціна збівалі і прыніжалі жанчын";
— "У Ціханоўскай скралі галасы. Лукашэнка не можа лічыцца прэзідэнтам";
— "Людзі жывуць у страху. Вядомыя IT-кампаніі закрылі офісы ў Мінску";
— "Міхаіл Пастухоў: ДЭ-ЮРЭ. Парламента ў Беларусі няма, як і дэпутатаў";
— "Пакараць уладу рублём". Да чаго прывядзе страйк шахцёраў на "Беларуськаліі";
— "Было адчуванне Хатыні — карнікі замкнулі". Як АМАП блакаваў Чырвоны касцёл";
— "Лінкявічус: Напружаная сітуацыя ў Беларусі патрабуе неадкладнай увагі міжнароднай супольнасці".
З ліста Мінінфарма вынікае, што рашэнне абмежаваць доступ да сайта Naviny.by прымала міжведамасная камісія па бяспецы ў інфармацыйнай сферы пры Савеце бяспекі. На думку камісіі, пералічаныя матэрыялы "спрыяюць нанясенню шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь".
Варта зазначыць, што за некалькі гадзін да блакіроўкі сайтаў Naviny.by і nn.by кіраўнікі БелаПАН, "Нашай Нівы" і яшчэ некаторых недзяржаўных СМІ былі запрошаныя на сустрэчу з кіраўніцтвам Мінінфарма і прадстаўніком МУС. На сустрэчы абмяркоўвалася работа СМІ падчас масавых мерапрыемстваў і праблема затрымання журналістаў. Ніякіх прэтэнзій да Naviny.by і nn.by не выказвалася, пра ўключэнне ў спіс абмежаванага доступу не паведамлялася.
Нягледзячы на блакаванне, Naviny.by працягваюць працу. Запушчаны люстраны сайт Naviny.media. Асноўныя навіны можна таксама чытаць на платформах у сацсетках і мэсэнджарах:
Facebook (https://www.facebook.com/navinyby);
Telegram (https://t.me/naviny_by);
Instagram (https://www.instagram.com/naviny_by);
"УКантакце" (https://vk.com/navinyby);
"Аднакласнікі" (https://ok.ru/naviny);
Twitter (https://twitter.com/naviny);
Viber (https://invite.viber.com/?g2=AQA%2BQmfkBHOTo0s22osszDPyffUEH7PzEKNTKv%2F0urkgg3%2BwHsfTq7Iqa4tCTF2Z).
21 жніўня ў Беларусі была таксама заблакаваная праца больш як 70 сайтаў, у тым ліку "Радыё Свабода", "Белсат", "Еўрарадыё", праваабарончага сайта spring96.org і іншых рэсурсаў.