Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/08/31/ru_1057737_123/
Дата раздрукоўкі: 21.01.2021 16:42
31.08.2020 23:49 Палітыка, Грамадства

Штаб Віктара Бабарыкі абвясціў пра стварэнне палітычнай партыі "Разам"

Мінск, 31 жніўня. Штаб прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі, палітвязня Віктара Бабарыкі 31 жніўня аб'явіў пра стварэнне палітычнай партыі "Разам". Пра гэта гаворыцца ў відэазвароце, распаўсюджаным тэлеграм-каналам Бабарыкі.

Ён пачынаецца зваротам Віктара Бабарыкі, які, відавочна, быў запісаны загадзя, бо з 18 чэрвеня былы кіраўнік "Белгазпрамбанка", які заявіў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі, знаходзіцца пад вартай па абвінавачанні ў эканамічных злачынствах.

"Мы разумеем, што прыйшоў час аб'явіць аб працягу нашай барацьбы, але ўжо з наяўнасцю нейкай арганізацыйнай формы, у якую мы маглі б аб'яднаць усіх прыхільнікаў. Мы да канца не ведаем, ці будзе гэта партыя ці грамадскі рух, і цяпер прапрацоўваюцца варыянты, што гэта будзе", — кажа Віктар Бабарыка.

Сярод мэтаў і задач, якія ставяцца перад гэтым рухам, ён называе "правядзенне канстытуцыйнай рэформы". "Як мы і гаварылі заўсёды, канстытуцыйная рэформа — гэта самая галоўная задача на сённяшні дзень, і таму мы абавязаныя завяршыць гэты працэс", — адзначыў Бабарыка.

На яго думку, аб'яднанне ў партыю "нашмат лепш дазволіць гэта зрабіць, таму што ў яе з'явяцца крыніцы фінансавання, і самае галоўнае — яна набудзе сістэмны погляд і магчымасць працаваць пастаянна".

"Другая гісторыя — гэта тое, што нягледзячы на тое, што мы не змаглі перамагчы на выбарах, мы павінны працаваць па ўдасканаленні і паляпшэнні нашай эканомікі, і самае галоўнае — даваць магчымасць людзям праяўляць сваю грамадзянскую ініцыятыву", — дадаў Бабарыка.

"Мы забяспечым максімальную эфектыўнасць як у першым пытанні, а менавіта — канстытуцыйнай рэформе, так і пастаянную працу па ўдасканаленні жыцця ў нашай Беларусі", — сказаў ён.

У другой частцы відэазвароту каардынатар штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава аб'яўляе пра стварэнне палітычнай партыі "Разам".

"За апошнія тры месяцы мы ўсе разам зрабілі больш, чым за апошнія 26 гадоў, — сказала Калеснікава. — Разам мы сабралі амаль паўмільёна подпісаў (маюцца на ўвазе подпісы, сабраныя за вылучэнне Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. — БелаПАН.). Разам мы абаранялі нашы галасы і разам мы змагаліся і працягваем змагацца за свабоду і за нашу будучыню".

"Сёння мы фарміруем новае, свядомае і адказнае беларускае грамадства. Перад намі з'яўляюцца новыя выклікі і запыты, і на іх неабходна рэагаваць. Краіна знаходзіцца ў палітычным і сацыяльна-эканамічным крызісе, і мы разам ведаем, як з гэтага крызісу выйсці", — адзначыла яна.

Марыя Калеснікава паведаміла, што дакументы на рэгістрацыю партыі "Разам" будуць пададзеныя найбліжэйшым часам.

БелаПАН.  

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239