Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/01/ru_1057746_1057747/
Дата раздрукоўкі: 12.06.2021 20:53
01.09.2020 10:03 Грамадства, Палітыка

Мінінфарм патлумачыў прычыны блакіроўкі сайта Naviny.by (абноўлена)

Мінск, 1 верасня. Прычынай блакавання сайта Naviny.by — інтэрнэт-газеты БелаПАН — сталі артыкулы, якія, на думку ўлад, "негатыўна характарызуюць сітуацыю ў Беларусі пасля заканчэння электаральнай кампаніі і дыскрэдытуюць дзейнасць дзяржаўных органаў".

Гэта вынікае з ліста за подпісам міністра інфармацыі Ігара Луцкага, які атрымалі рэдакцыі БелаПАН і інтэрнэт-выдання "Наша Ніва".

Сайты Naviny.by і nn.by былі заблакаваныя ўвечары 28 жніўня. Як вынікае з дакумента, які паступіў у БелаПАН, незадаволенасць улад выклікалі наступныя артыкулы, апублікаваныя на Naviny.by:

— "Звычайны чалавек не можа так бессэнсоўна і жорстка біць чалавека ні за што";

— "Сука, расстаў ногі шырэй". Як на Акрэсціна збівалі і прыніжалі жанчын";

— "У Ціханоўскай скралі галасы. Лукашэнка не можа лічыцца прэзідэнтам";

— "Людзі жывуць у страху. Вядомыя IT-кампаніі закрылі офісы ў Мінску";

— "Міхаіл Пастухоў: ДЭ-ЮРЭ. Парламента ў Беларусі няма, як і дэпутатаў";

— "Пакараць уладу рублём". Да чаго прывядзе страйк шахцёраў на "Беларуськаліі";

— "Было адчуванне Хатыні — карнікі замкнулі". Як АМАП блакаваў Чырвоны касцёл";

— "Лінкявічус: Напружаная сітуацыя ў Беларусі патрабуе неадкладнай увагі міжнароднай супольнасці".

З ліста Мінінфарма вынікае, што рашэнне абмежаваць доступ да сайта Naviny.by прымала міжведамасная камісія па бяспецы ў інфармацыйнай сферы пры Савеце бяспекі. На думку камісіі, пералічаныя матэрыялы "спрыяюць нанясенню шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь".

Варта зазначыць, што за некалькі гадзін да блакіроўкі сайтаў Naviny.by і nn.by кіраўнікі БелаПАН, "Нашай Нівы" і яшчэ некаторых недзяржаўных СМІ былі запрошаныя на сустрэчу з кіраўніцтвам Мінінфарма і прадстаўніком МУС. На сустрэчы абмяркоўвалася работа СМІ падчас масавых мерапрыемстваў і праблема затрымання журналістаў. Ніякіх прэтэнзій да Naviny.by і nn.by не выказвалася, пра ўключэнне ў спіс абмежаванага доступу не паведамлялася.

Нягледзячы на блакаванне, Naviny.by працягваюць працу. Асноўныя навіны можна таксама чытаць на платформах у сацсетках і мэсэнджарах:

Facebook (https://www.facebook.com/navinyby);

Telegram (https://t.me/naviny_by);

Instagram (https://www.instagram.com/naviny_by);

"УКантакце" (https://vk.com/navinyby);

"Аднакласнікі" (https://ok.ru/naviny);

Twitter (https://twitter.com/naviny);

Viber (https://invite.viber.com/?g2=AQA%2BQmfkBHOTo0s22osszDPyffUEH7PzEKNTKv%2F0urkgg3%2BwHsfTq7Iqa4tCTF2Z).

21 жніўня ў Беларусі была таксама заблакаваная праца больш як 70 сайтаў, у тым ліку "Радыё Свабода", "Белсат", "Еўрарадыё", праваабарончага сайта spring96.org і іншых рэсурсаў.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239