Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/01/ru_1057765_1057766/
Дата раздрукоўкі: 12.06.2021 20:06
01.09.2020 11:51 Палітыка

Лаўроў: Расія лічыць прапанаваную Лукашэнкам канстытуцыйную рэформу аптымальнай платформай для дыялогу ў краіне

Мінск, 1 верасня. Расія лічыць прапанаваную Аляксандрам Лукашэнкам канстытуцыйную рэформу аптымальнай платформай для дыялогу ў краіне, заявіў міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў, выступаючы 1 верасня перад студэнтамі і выкладчыкамі МДІМА.

Ён падкрэсліў, што Расія ў дачыненні да становішча спраў у Беларусі будзе кіравацца міжнародным правам і існуючымі паміж Масквой і Мінскам абавязацельствамі.

"Мы сваю пазіцыю вельмі выразна выклалі. Мы будзем кіравацца міжнародным правам, тымі абавязацельствамі, якія існуюць паміж намі і Рэспублікай Беларусь, — цытуе Лаўрова ТАСС. — І, вядома, мы хочам, каб самім беларусам была дадзена магчымасць вырашыць свае праблемы, без якога-небудзь умяшання звонку".

Як адзначыў кіраўнік расійскай дыпламатыі, сёння шэраг заходніх краін, сярод якіх як суседзі Беларусі, так і тыя, хто знаходзіцца далёка за акіянам, у першую чаргу ЗША і Канада, імкнуцца "навязаць нейкія падыходы да пераадолення цяперашняй сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь". "Мы лічым, што неабходнасці ў якіх-небудзь дакучлівых пасрэдніцкіх паслугах няма", — падкрэсліў ён.

17 жніўня падчас сустрэчы з работнікамі Мінскага завода колавых цягачоў Лукашэнка дапусціў магчымасць правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў пасля прыняцця новай Канстытуцыі. "Будзе так, мужыкі. Нам трэба прыняць новую Канстытуцыю, што вы і хацелі, і нават альтэрнатыўшчыкі не былі супраць. Яе павінны прыняць на рэферэндуме, таму што мы ранейшую Канстытуцыю прымалі на рэферэндуме, і па новай Канстытуцыі правесці, калі вы хочаце, выбары — і парламента, і прэзідэнта, і мясцовых органаў улады", — сказаў ён.

27 жніўня на нарадзе па пытаннях працы прамысловасці Лукашэнка заявіў, што ўлада гатовая весці дыялог па пытаннях абнаўлення Канстытуцыі, але не з вуліцай.

"Усе хочуць новага палітычнага ладу. Ды дзеля бога, давайце возьмемся за Канстытуцыю, уносьце прапановы, сфармуем новую Канстытуцыю — гэта галоўны закон у любой краіне. І ісці трэба ад Канстытуцыі", — сказаў ён.

Беларуская апазіцыя доўгія гады паслядоўна крытыкуе палітычную сістэму, якая склалася ў краіне, за адсутнасць рэальнага падзелу галін улады, у тым ліку за залежнасць судовай улады ад выканаўчай.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239