Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/01/ru_1057788_1057789/
Дата раздрукоўкі: 12.06.2021 20:02
01.09.2020 14:24 Палітыка, Грамадства

Тадэвуш Кандрусевіч: Мне зусім не хочацца, каб беззаконнае рашэнне пагранічнай службы абвастрыла напружанасць у нашай краіне

Мінск, 1 верасня. "Мне зусім не хочацца, каб неабгрунтаванае і беззаконнае рашэнне пагранічнай службы павялічвала напружанасць у нашай краіне", — заявіў 1 верасня ў сваім звароце да паствы мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які знаходзіцца ў Польшчы.

Зварот апублікаваны на сайце Каталіцкага касцёла ў Беларусі.

"31 жніўня 2020 года падчас перасячэння мяжы на пагранічным пераходзе Кузніца Беластоцкая — Брузгі без усялякіх тлумачэнняў мне было адмоўлена ў вяртанні ў Беларусь, хоць пагранічнікі паводзілі сябе вельмі карэктна, — гаворыцца ў звароце. — Такое рашэнне пагранічных службаў мне як грамадзяніну Рэспублікі Беларусь зусім незразумела, бо Закон Рэспублікі Беларусь № 49-3 ад 20 верасня 2009 г. "Пра парадак выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь" у артыкуле 3 "Права грамадзянаў на выезд з Рэспублікі Беларусь і ўезд у Рэспубліку Беларусь" вызначае наступнае: "Права грамадзяніна на ўезд у Рэспубліку Беларусь не можа быць абмежавана".

Паводле слоў Кандрусевіча, забарона на ўезд у краіну перашкаджае яму як старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі весці пастырскае служэнне і ўдзельнічаць у запланаваных касцельных мерапрыемствах.

"Ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу, які ў цяперашні час перажывае наша Бацькаўшчына, я заклікаў і працягваю заклікаць да дыялогу і прымірэння", — сказана ў звароце.

Кандрусевіч звярнуўся ў Дзяржпагранкамітэт з просьбай растлумачыць сітуацыю і "адмяніць рашэнне аб забароне вяртання на радзіму для выканання пастырскіх абавязкаў". "Спадзяюся, што гэта толькі прыкрае непаразуменне, якое ў самы кароткі тэрмін будзе выпраўлена", — дадаў ён.

Арцыбіскуп Кандрусевіч просіць усіх маліцца аб яго найхутчэйшым вяртанні на Радзіму і мірным вырашэнні вострага грамадска-палітычнага крызісу ў нашай Бацькаўшчыне.

31 жніўня беларускія пагранічнікі без тлумачэння прычын не ўпусцілі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Тадэвуша Кандрусевіча ў краіну, калі ён вяртаўся з Польшчы. Арцыбіскуп правёў на мяжы каля трох гадзін і ў выніку быў вымушаны вярнуцца ў Польшчу.

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі заявіў БелаПАН, што ведамства гэту інфармацыю не каментуе.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з крытыкай дзеянняў улады. Ён заклікаў сілавікоў і пратэстоўцаў спыніць гвалт, а Аляксандра Лукашэнку — пачаць "канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзян".

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239