Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/01/ru_1057891_123/
Дата раздрукоўкі: 15.06.2021 07:31
01.09.2020 17:51 Палітыка, Грамадства

Эксперты ААН маюць звесткі пра 450 выпадкаў катаванняў і шэсць зніклых у Беларусі пасля акцый пратэсту

Мінск, 1 жніўня. Эксперты ААН маюць звесткі пра 450 задакументаваных выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання з людзьмі, пазбаўленымі волі пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве 13 экспертаў, апублікаванай 1 верасня на сайце Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

"Мы надзвычай устрывожаныя сотнямі заяў аб катаваннях і іншым жорсткім абыходжанні ў ізалятарах часовага ўтрымання", — гаворыцца ў заяве.

Эксперты ААН заклікаюць улады Беларусі "спыніць катаванні над затрыманымі і прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, якія, як паведамляецца, беспакарана прыніжалі і збівалі дэманстрантаў у месцах утрымання пад вартай".

Эксперты таксама заклікалі ўлады цалкам выконваць асноўныя гарантыі — неадкладную рэгістрацыю, судовы нагляд за затрыманнем і апавяшчэнне членаў сям'і, як толькі падазраваны пазбаўлены волі, — з мэтай прадухілення гвалтоўных знікненняў.

"Забарона катаванняў з'яўляецца абсалютнай у адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам аб правах чалавека, — гаворыцца ў заяве. — Гэта не можа быць апраўдана ні па якой прычыне. Гэтак жа сама ніякія абставіны, няхай гэта будзе ўнутраная палітычная нестабільнасць ці любое іншае надзвычайнае становішча, не могуць быць выкарыстаныя для практыкі або апраўдання гвалтоўных знікненняў. Улады Беларусі павінны неадкладна спыніць усе парушэнні правоў чалавека і пакласці канец гэтай атмасферы беспакаранасці".

У заяве таксама адзначаецца: "Большасць людзей, якія зніклі без вестак, былі знойдзеныя, але выклікае трывогу той факт, што месцазнаходжанне і стан здароўя як мінімум шасці чалавек, як паведамляецца, невядомыя іх сваякам. Мы таксама па-ранейшаму занепакоеныя тым, што выпадкі гвалтоўных знікненняў могуць павялічыцца, калі працягнецца жорсткая рэакцыя на мірныя пратэсты".

Эксперты ААН падкрэсліваюць, што свабода ад катаванняў — адно з тых правоў чалавека, якія лічацца настолькі важнымі, што іх нельга абмяжоўваць або прыпыняць ні пры якіх абставінах. "Любое парушэнне забароны на катаванні і жорсткае абыходжанне, якая не дапускае адступлення, павінна пераследвацца і карацца", — гаворыцца ў заяве.

У дакуменце таксама адзначаецца, што эксперты атрымалі паведамленні пра гвалт у адносінах да жанчын і дзяцей, уключаючы сэксуальны гвалт і згвалтаванне гумовымі дубінкамі. "Дзяржава павінна рабіць усё магчымае для прадухілення, расследавання і пакарання любых формаў жорсткага абыходжання, уключаючы гвалт у адносінах да жанчын, няхай гэта будуць дзеянні, якія ўчыняюцца дзяржавай або іншымі", — падкрэслілі эксперты.

На іх думку, не можа быць справядлівасці без недвухсэнсоўнай прыхільнасці дзяржавы да прыцягнення вінаватых да адказнасці і кампенсацыі ўрону за парушэнні правоў чалавека.

Ад уладаў Беларусі таксама патрабуюць "забяспечыць, каб усе асобы, якія мірна ўдзельнічалі ў дэманстрацыях, былі неадкладна вызваленыя". "Ніхто не можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за мірны ўдзел у дэманстрацыі, — гаворыцца ў заяве. — Непрызнанне пазбаўлення волі прадстаўнікамі дзяржавы і адмова прызнаць факт затрымання ўяўляюць сабой гвалтоўнае знікненне, нават калі яно з'яўляецца непрацяглым".

Заяву падпісалі спецдакладчык па пытанні аб катаваннях і іншых відах абыходжання і пакарання, якія з'яўляюцца жорсткімі, бесчалавечнымі ці прыніжаюць годнасць, Нільс Мельцэр, спецдакладчык па Беларусі Анаіс Марэн, члены рабочай групы ААН па гвалтоўных або нядобраахвотных знікненнях (Лучана Хазан, Тэ-Унг Байк, Бернар Духайме, Хурыя Эс-Сламі, Хенрыкас Міцкявічус), спецдакладчык па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх вольнага выраэння Ірэн Хан, спецдакладчык па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцый Клеман Ньялетсасі Вуль, члены рабочай групы ААН па адвольных затрыманнях (Лі Хумі, Эліна Штайнертэ, Хасэ Гевара Бермудес, Сеонг-Філ Хонг, Сетонджы Аджові).

Спецыяльныя дакладчыкі з'яўляюцца часткай так званых спецыяльных працэдур Савета ААН па правах чалавека (СПЧ). Спецыяльныя працэдуры, найбуйнейшы орган незалежных экспертаў у сістэме ААН па правах чалавека, — гэта агульная назва незалежных механізмаў СПЧ па ўстанаўленні фактаў і маніторынгу, якія займаюцца альбо сітуацыямі ў канкрэтнай краіне, альбо тэматычнымі праблемамі ва ўсіх частках свету. Эксперты працуюць на грамадскіх пачатках. Яны не з'яўляюцца супрацоўнікамі ААН і не атрымліваюць зарплату за сваю працу. Яны незалежныя ад любога ўрада ці арганізацыі і служаць у сваёй асабістай якасці, гаворыцца на сайце СПЧ.

Варта зазначыць, што 20 жніўня прэс-служба Следчага камітэта Беларусі паведаміла, што ведамства правярае інфармацыю пра згвалтаванне жанчын у месцах часовага ўтрымання. Паводле інфармацыі прэс-службы, на той момант зарэгістраваных паведамленняў або заяў па такіх фактах у следства не мелася.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239