Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/01/ru_1057921_123/
Дата раздрукоўкі: 12.06.2021 20:05
01.09.2020 20:01 Палітыка

ЗША разглядаюць пытанне пра санкцыі супраць сямі грамадзян Беларусі ў сувязі з фальсіфікацыяй выбараў і гвалтам у дачыненні да пратэстоўцаў

Мінск, 1 верасня. Злучаныя Штаты разглядаюць пытанне аб увядзенні санкцый у адносінах да сямі грамадзян Беларусі, якія, як мяркуецца, датычныя да фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, паведамляе Reuters са спасылкай на высокапастаўленага чыноўніка з Дзяржаўнага дэпартамента ЗША.

"Ёсць група з сямі чалавек, па якіх мы разам з Міністэрствам фінансаў ЗША працуем над доказамі [датычнасці да згаданых дзеянняў], каб увесці санкцыі, — распавёў агенцтву суразмоўца. — Гэта мінімальнае намаганне, каб <...> не проста публічна зняславіць, але і прадэманстраваць, што калі людзі адначасова фальсіфікуюць вынікі выбараў і здзяйсняюць гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў, што рэалізуюць асноўныя свабоды — свабоду сходаў і свабоду слова, — павінна наступіць пэўная адказнасць".

Імёны гэтых сямі грамадзян Беларусі не называюцца.

31 жніўня Літва, Латвія і Эстонія ўвялі забарону на ўезд на сваю тэрыторыю для 30 беларускіх службовых асоб. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі ў санкцыйны спіс уключаны памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка і яго намеснікі Максім Рыжанкоў, Вольга Чупрыс і Дзмітрый Крутой, кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына, кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык, кіраўнік Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч, генеральны пракурор Аляксандр Канюк, міністр унутраных спраў Юрый Караеў, дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў і іншыя.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239