Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/01/ru_1057931_123/
Дата раздрукоўкі: 12.06.2021 19:56
01.09.2020 20:41 Палітыка, Грамадства

Акцыя на плошчы Незалежнасці ў Мінску завяршылася без затрыманняў

Мінск, 1 верасня. Акцыя на плошчы Незалежнасці ў Мінску вечарам 1 верасня завяршылася без затрыманняў.

На плошчы ў выніку сабралася некалькі соцень чалавек. У 19.50 з'явіліся супрацоўнікі АМАП, пасля чаго людзі збіліся ў шчыльны круг. Мужчын жанчыны паставілі ўнутр круга, а самі сталі вакол іх у счэпцы і выконвалі розныя песні, у тым ліку "Купалінку". Перад імі стаялі каля дзясятка супрацоўнікаў АМАП. Частка ўдзельніц пачала вадзіць вакол іх карагод. Непадалёк стаяў аўтазак.

Некалькі дзясяткаў чалавек, якія стаялі ля касцёла, скандавалі "Жыве Беларусь!". У нейкі момант на плошчы з'явілася актывістка Ніна Багінская з бел-чырвона-белым сцягам. Яе сустракалі скандаваннем "Ніна" і "Дзякуй".

Так людзі прастаялі на плошчы каля паўгадзіны. Супрацоўнікі АМАП ніякіх сілавых дзеянняў не рабілі. У 20.10 прысутныя абвясцілі, што разыходзяцца. Яны праскандавалі "Кожны дзень" і "Малайцы!", а мужчыны крычалі "Дзяўчаты, дзякуй!".

У сувязі з тым што на прылеглых да плошчы вуліцах былі заўважаныя аўтазакі, удзельніцы акцыі пакідаюць плошчу сумесна. Жанчыны па-ранейшаму атачаюць мужчын, і так яны рухаюцца ў бок ГУМа. Жанчыны спяваюць песню "Аблокі — белагрывыя конікі".

Ля гатэля "Мінск" знаходзіліся каля дзясятка амапаўцаў у поўнай амуніцыі. Праходзячы міма іх, некалькі жанчын пачалі з імі ў гутарку, падкрэсліваючы, што людзі проста гуляюць і не трэба іх затрымліваць. На што камандзір сілавікоў адказаў: "Так гуляйце, вас жа ніхто не чапае".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239