Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/02/eu_1057972_123/
Дата раздрукоўкі: 12.06.2021 19:57
02.09.2020 11:51 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

У папярэдні санкцыйны спіс ЕС у дачыненні да Беларусі ўключаныя 17 чалавек, паведамляе Польскае радыё

Мінск, 2 верасня. Эксперты з краін Еўрасаюза падрыхтавалі папярэдні спіс асоб, супраць якіх будуць уведзеныя санкцыі за фальсіфікацыю выбараў і гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў.

Як паведамляе Польскае радыё са спасылкай на свайго спецыяльнага карэспандэнта ў Бруселі, у спіс уключаныя 17 чалавек, Аляксандра Лукашэнкі ў ім няма. Пералік можа быць ухвалены на наступным тыдні пасламі краін ЕС, пасля чаго яго афіцыйна зацвердзяць на ўзроўні міністраў.

"Паведамляецца, што падрыхтаваны спіс застаецца адкрытым, а гэта значыць, што ў яго ў любы час могуць быць дададзеныя новыя імёны. Патэнцыйна ў яго могуць увайсці нават 30 чалавек, — адзначае Польскае радыё. — Запланаваныя санкцыі супраць адказных за гвалт і фальсіфікацыі ў Беларусі прадугледжваюць забарону на ўезд у краіны Еўрасаюза і замарожванне фінансавых актываў у еўрапейскіх банках".

19 жніўня на пазачарговай сустрэчы Еўрапейскага савета па сітуацыі ў Беларусі кіраўнікі краін ЕС дамовіліся аб увядзенні санкцый супраць тых, хто адказны за гвалт і рэпрэсіі ў дачыненні да мірных грамадзян, а таксама за фальсіфікацыю выбараў.

28 жніўня пасля нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЕС вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль сказаў, што ў санкцыйны спіс Еўрасаюза будуць уключаныя беларускія чыноўнікі высокага ўзроўню.

"Я не магу назваць дакладнага ліку або дакладных імёнаў асоб, у дачыненні да якіх будуць уведзеныя санкцыі, — сказаў Барэль. — Па-першае, паколькі гэта канфідэнцыйная інфармацыя. Па-другое, паколькі краіны ЕС яшчэ прапануюць імёны чыноўнікаў, у дачыненні да якіх павінны быць сабраныя дастатковыя доказы. Мы рухаемся ў напрамку спіса з 20 чалавек, але ён можа паэтапна пашырацца ў будучыні, усё будзе залежаць ад развіцця сітуацыі".

31 жніўня Латвія, Літва і Эстонія ўвялі санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх службовых асоб. Інфармацыю пра гэта адначасова апублікавалі знешнепалітычныя ведамствы Латвіі, Эстоніі і МУС Літвы.

У спіс унесеныя: Аляксандр Лукашэнка, Віктар Лукашэнка, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка і яго намеснікі Макісм Рыжанкоў, Вольга Чупрыс і Дзмітрый Крутой, намеснік кіраўніка справамі прэзідэнта Генадзь Богдан, кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына і члены ЦВК Вадзім Іпатаў, Алена Дмухайла, Святлана Кацуба, Ігар Плышэўскі, Алег Сліжэўскі, Ірына Целікавец, кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык, кіраўнік Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч і яго намеснікі Аляксей Волкаў, Сяргей Аземша і Андрэй Смаль, генеральны пракурор Аляксандр Канюк, кіраўнік МУС Юрый Караеў і яго намеснікі Генадзь Казакевіч, Аляксандр Барсукоў, Сяргей Хаменка і Юрый Назаранка, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Раман Мельнік, начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Іван Кубракоў, намеснік начальніка дэпартамента аховы МУС — начальнік упраўлення ідэалагічнай працы і кадравага забеспячэння Алег Шаблыка, дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239