Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/02/ru_1058017/
Дата раздрукоўкі: 12.06.2021 21:06
02.09.2020 14:32 Палітыка, Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

Член прэзідыума Каардынацыйнай рады Павел Латушка выехаў у Польшчу

Мінск, 2 верасня. Былы міністр, дыпламат, гендырэктар Купалаўскага тэатра, а цяпер член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Павел Латушка з раніцы 2 верасня знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы.

"Я знаходжуся ў Польшчы па запрашэнні Зігмунда Бердыхоўскага — старшыні праграмнага савета Эканамічнага форума ў горадзе Крыніца-Гурска, — паведаміў Латушка БелаПАН. — Гэты форум штогод праходзіць у Польшчы, з`яўляецца адным з самых буйных міжнародных эканамічных форумаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе. Не аднойчы я браў удзел у правядзенні гэтага форума ў якасці пасла Беларусі ў Польшчы, члена ўрадавых дэлегацый, якія ўзначальвалі віцэ-прэм`еры, міністры нашага ўрада".

Паводле яго слоў, падчас форуму ён плануе "прадставіць інфармацыю аб развіцці ўнутрыпалітычнай і ўнутрыэканамічнай сітуацыі" ў Беларусі, а таксама правесці двухбаковыя сустрэчы.

Апрача таго, у Варшаве ў Латушкі запланаваныя сустрэчы ва ўрадзе Польшчы, Міністэрстве замежных спраў і сейме, а таксама з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. На гэтых сустрэчах ён прэзентуе "пазіцыю Каардынацыйнай рады па вырашэнні ўнутрыпалітычнага крызісу" ў Беларусі.

Член прэзідыума КР паведаміў, што далей у яго запланаваныя сустрэчы ў Вільнюсе — з прадстаўнікамі МЗС Літвы, дэпутатамі літоўскага сейма і Еўрапарламента.

"Тая інфармацыя, якая была пададзеная наконт майго ўезду [на тэрыторыю Польшчы] у багажніку аўтамабіля, — абсалютная хлусня. На жаль, гэтым улада карыстаецца апошнім часам проста без перапынку. Я афіцыйна без усялякіх перашкодаў перасек мяжу на памежным пераходзе "Баброўнікі — Бераставіца", аб чым маю адпаведную адзнаку ў пашпарце", — адзначыў Латушка.

Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне створаная з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай, якая знаходзіцца ў Літве. Першае яе пасяджэнне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэння і дзейнасці КР распачатая справа паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).

На допыты ў Следчы камітэт па гэтай крымінальнай справе былі выкліканыя члены прэзідыума КР: юрыст Максім Знак, лідар страйкама МТЗ Сяргей Дылеўскі, міжнародны медыятар Лілія Уласава, Павел Латушка, нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Святлана Алексіевіч, каардынатар перадвыбарнага штаба Віктара Бабарыкі і паплечніца Святланы Ціханоўскай Марыя Калеснікава, прэс-сакратар КР Антон Раднянкоў.

Днём 31 жніўня супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю затрымалі Лілію Уласаву, у яе кватэры прайшоў вобшук. "Раніцай яна была выкліканая на 15.00 у Цэнтральнае РУУС г. Мінска па факце ўдзелу ў несанкцыянаваным мітынгу", — паведаміла прэс-служба КР.

Два члены прэзідыума рады — Сяргей Дылеўскі і давераная асоба Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова — знаходзяцца ў ІЧУ ў Жодзіне, дзе адбываюць 10-сутачны адміністрацыйны арышт паводле абвінавачання ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Яны былі затрыманыя раніцай 24 жніўня каля прахадной МТЗ.

28 жніўня невядомымі быў затрыманы член Каардынацыйнай рады, а таксама каардынатар штаба былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі Віталь Крыўко.

Згодна з рэзалюцыяй КР, яна ставіць сваёй мэтай не змену канстытуцыйнага ладу, а выхад з палітычнага крызісу, які склаўся ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, і забеспячэнне згоды ў грамадстве на аснове Канстытуцыі.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239