Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/02/ru_1058018_123/
Дата раздрукоўкі: 12.06.2021 21:13
02.09.2020 14:43 Палітыка

Макей: З такой вынаходлівай рафінаванай падрыхтоўкай звонку пратэстных акцый мы ніколі не сутыкаліся (дапоўнена)

Мінск, 2 верасня. Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі былі выкарыстаныя знешнімі сіламі для спробы дэстабілізацыі ў краіне, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей пасля сустрэчы са сваім расійскім калегам Сяргеем Лаўровым 2 верасня ў Маскве (відэа прэс-канферэнцыі размешчанае на YouTube).

"На жаль, чарговым разам у краінах былога Савецкага Саюза выбары былі выкарыстаныя знешнімі і ўнутранымі сіламі для спробы дэстабілізаваць сацыяльна-палітычную, эканамічную сітуацыю. Да нечага, вядома, мы былі гатовыя, а нешта стала для нас непрыемнай нечаканасцю", — сказаў ён.

"Я хачу сказаць, што падчас майго знаходжання на розных пасадах гэта ўжо пятыя выбары, і з такой вынаходлівай рафінаванай падрыхтоўкай звонку адпаведных пратэстных акцый мы ніколі не сутыкаліся", — дадаў Макей.

Паводле яго слоў, не ўсе праблемы яшчэ вырашаныя, але "ўжо цалкам відавочна, што папярэджаная спроба рэалізацыі агрэсіўнага сцэнарыя каляровай рэвалюцыі, якая прытым ажыццяўляецца па самых сучасных методыках". "Мы змаглі не дапусціць спынення вытворчых працэсаў, пазбегнуць расколу краіны, — сказаў Макей. — Хачу падзякаваць расійскаму боку за вытрыманую, узважаную і паслядоўную пазіцыю ў падтрымку суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, за саюзніцкія крокі па непрыманні вонкавага ўздзеяння на нашу краіну. Паверце, наша грамадства спакойна і самастойна, без націску зацікаўленых знешніх сіл, у межах паважлівага дыялогу вызначыць будучыню сваёй суверэннай і незалежнай беларускай дзяржавы. І нашы дамоўленасці з расійскім бокам у двухбаковых фарматах, на шматбаковых інтэграцыйных трэках, саюзніцкія абавязацельствы будуць спрыяць спакою і паступальнаму руху гэтага працэсу".

Макей паведаміў, што падрабязна праінфармаваў Лаўрова пра захады, што прымаюцца для нармалізацыі становішча ўнутры краіны, пра мадальнасці будучай канстытуцыйнай рэформы, пра кантакты з заходнімі партнёрамі і міжнароднымі структурамі па гэтых пытаннях".

"Як і раней, мы адзначылі абсалютную сумяшчальнасць пазіцый, выказалі ўзаемнае імкненне працягнуць узаемадзеянне з мэтай выключэння ўсякага націску на Беларусь пры вырашэнні ўнутраных праблем, — сказаў Макей. — І мы сышліся ў меркаванні, што ўжо ў самай бліжэйшай перспектыве ўнутраныя супярэчнасці ў Беларусі будуць знятыя і наша краіна адновіць свой шматгадовы статус спакойнай, адкрытай і гасціннай дзяржавы ў цэнтры Еўропы".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239