Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/02/ru_1058113_1058114/
Дата раздрукоўкі: 12.06.2021 21:24
02.09.2020 22:20 Грамадства, Палітыка

Затрыманых 1 верасня журналістаў адвезлі ў ЦІП на Акрэсціна (дапоўнена)

Мінск, 2 верасня. Затрыманых падчас студэнцкай акцыі пратэсту 1 верасня ў Мінску журналістаў перавезлі з УУС Кастрычніцкага раёна ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у 1-м завулку Акрэсціна. Пра гэта паведаміў сёння ўвечары журналістам, што дзяжурылі каля РУУС, супрацоўнік міліцыі, які выйшаў з будынка.

Журналісты звязаліся з прэс-сакратаром ГУУС Мінгарвыканкама Наталляй Ганусевіч, якая паабяцала, што ў ЦІП у іх прымуць перадачу (рэчы і ежу) для калег, паколькі там іх цяпер ніхто карміць не будзе.

Учора былі затрыманыя фотакарэспандэнт БелаПАН Андрэй Шаўлюга, журналісты tut.by Надзея Калініна і Аляксей Суднікаў, супрацоўнікі "Комсомольской правды" в Белоруссии" фатограф Святаслаў Зоркі, аператар Мікіта Недаверкаў і карэспандэнт Марыя Эляшэвіч. На іх былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Пратаколы на Суднікава, Калініну, Недаверкава, Эляшэвіч і Шаўлюгу былі адпраўленыя на дапрацоўку, аднак журналістаў не адпусцілі.

Сёння вечарам у Мінску таксама затрымліваўся фотакарэспандэнт tut.by Вадзім Заміроўскі. Сілавікі затрымалі яго каля станцыі метро "Пушкінская", дзе 10 жніўня загінуў удзельнік пратэстаў Аляксандр Тарайкоўскі. Менш чым праз гадзіну Заміроўскага адпусцілі. Паводле слоў фотакарэспандэнта, пры затрыманні яго білі.

Спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да СМІ неаднаразова заклікала Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) і міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры без межаў". Паводле звестак БАЖ, толькі ў жніўні прадстаўнікоў СМІ затрымлівалі больш за 150 разоў.

29 жніўня журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ, пачалі масава пазбаўляць акрэдытацыі МЗС Беларусі. Шэраг недзяржаўных інтэрнэт-выданняў заблакаваны. Рашэнні аб пазбаўленні акрэдытацыі і блакаванні інтэрнэт-СМІ прымае міжведамасная камісія па бяспецы ў інфармацыйнай сферы, куды ўваходзяць прадстаўнікі Савета бяспекі, Адміністрацыі прэзідэнта, КДБ, Мінабароны, Мінінфармацыі і некаторых іншых дзяржструктур.

2 верасня на прэс-канферэнцыі ў Маскве міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў: "Мы заўсёды глядзім на субстантыўныя паводзіны тых ці іншых журналістаў". "Адна справа, калі журналіст аб'ектыўна дае інфармацыю, іншая справа — калі ён вядзе мэтанакіраваны стрым, дзе бічуецца толькі ўлада і дзе праз адпаведныя чаты, стрымы дэманстранты заклікаюцца да здзяйснення канкрэтных супрацьпраўных дзеянняў. Для нас гэта абсалютна непрымальна. І ўлада ў гэтай сітуацыі будзе рэагаваць адэкватным чынам", — падкрэсліў Макей.

Сітуацыя са свабодай СМІ ў ліку іншых праблем будзе абмяркоўвацца на слуханнях па Беларусі, якія пройдуць 4 верасня ў Савеце бяспекі ААН. Слуханні ініцыявала Эстонія сумесна з ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай, Даніяй, Ісландыяй, Латвіяй, Літвой, Польшчай, Румыніяй і Украінай.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239