Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/04/ru_1058395_2211445/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:55
04.09.2020 16:36 Грамадства, Палітыка

Фотакарэспандэнт БелаПАН Андрэй Шаўлюга атрымаў трое сутак арышту

Мінск, 4 верасня. Фотакарэспандэнт БелаПАН Андрэй Шаўлюга атрымаў трое сутак арышту. Суд Кастрычніцкага раёна Мінска палічыў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

Сёння ў Мінску завяршыліся суды над шасцю журналістамі, затрыманымі 1 верасня падчас выканання імі прафесійных абавязкаў. Анлайн-рэпартаж з суда вялі Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), праваабарончы цэнтр "Вясна" і "Радыё Свабода".

Акрамя Шаўлюгі па трое сутак атрымалі журналісты tut.by Надзея Калініна і Аляксей Суднікаў, супрацоўнікі "Комсомольской правды" в Белоруссии" — фатограф Святаслаў Зоркі, аператар Мікіта Недаверкаў і карэспандэнт Марыя Эляшэвіч. З улікам часу, праведзенага ў РУУС і ІЧУ, яны выйдуць на волю сёння.

Судовае рашэнне было прынятае паводле вынікаў разгляду спраў у дачыненні да журналістаў на падставе арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Суды пачаліся 2 верасня і вяліся па відэасувязі праз "Скайп". Сведкамі абвінавачання ў асноўным выступілі супрацоўнікі АМАП. Усе яны сцвярджалі, што журналісты бралі ўдзел у маршы студэнтаў і нават каардынавалі яго словамі і жэстамі. Аднак ніводзін з іх не здолеў растлумачыць, як канкрэтна журналісты гэта рабілі.

Амапавец Кавалёў паведаміў, што 1 верасня суправаджаў несанкцыянаванае шэсце студэнтаў, адсочваў іх дзеянні. Сведка заявіў, што "журналіста Андрэя Шаўлюгу затрымалі, таму што ён быў каардынатарам шэсця, заклікаў студэнтаў не разыходзіцца, ісці далей, быў у натоўпе". Нібыта журналіст каардынаваў дзеянні пратэстоўцаў па маршруце вуліца Няміга — вуліца Свярдлова, таму што на ім была сіняя камізэлька з надпісам "Прэса". Кавалёў заявіў, што журналіст павінен падаваць інфармацыю аб'ектыўна. Пры гэтым сведка сказаў, што не ведае, у чым менавіта заключаецца праца журналіста: "Я ў гэтым не моцны".

Падобныя растлумачэнні аб тым, што журналісты нібыта былі каардынатарамі пратэсту, Кавалёў даў і на іншых судовых пасяджэннях.

Падчас пасяджэння па справе Марыі Эляшэвіч узніклі праблемы з ідэнтыфікацыяй названага супрацоўніка АМАП: адвакат заявіў, што ведае асобу Кавалёва і сумняваецца, ці сапраўды сведка той, за каго сябе выдае. Сведка адмовіўся зняць з галавы шапку з прарэзамі для вачэй, каб яго маглі ідэнтыфікаваць. У судзе абвясцілі перапынак.

Усе сведкі абароны растлумачылі ў судзе, што журналістаў блізу пратэстоўцаў не было, яны трымаліся крыху воддаль і выконвалі свае прафесійныя абавязкі, нічога не каардынавалі. Затрымаць журналістаў загадаў нейкі мужчына ў цывільным, медыцынскай масцы і з рацыяй у руках.

Паводле выніку разглядаў суд накіраваў справы на дапрацоўку ў РУУС для ліквідацыі недахопаў. Журналістаў, якіх пасля затрымання амаль суткі ўтрымлівалі ў будынку РУУС, увечары пасля судоў перавялі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.

Суды атрымалі працяг 4 верасня. Журналістаў па-ранейшаму абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці і яго каардынацыі. На працэсах выступілі сведкамі амапаўцы, ва ўстанаўленні асобы якіх сумняваліся адвакаты.

Падчас пасяджэнняў былі прадэманстраваныя відэазапісы, на якіх бачная праца затрыманых журналістаў. Усе сведкі абароны, калегі затрыманых, расказвалі, што журналісты трымаліся ўбаку ад пратэстоўцаў, выконвалі сваю працу моўчкі.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239