Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/05/ru_1058503_1058504/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 10:09
05.09.2020 17:53 Палітыка, Грамадства

На асвятленні вулічнай акцыі ў Мінску затрыманая журналістка Анастасія Захарэвіч

Мінск, 5 верасня. Падчас асвятлення чарговага маршу жанчын у Мінску 5 верасня затрыманая карэспандэнт "Зялёнага партала" Анастасія Захарэвіч, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Незадоўга да гэтага пры асвятленні гэтай жа акцыі былі затрыманыя супрацоўнікі тэлеканала "Белсат" Максім Гарчанок і Алена Дубовік.

Такім чынам, улады працягваюць перашкаджаць прафесійнай дзейнасці СМІ. Напярэдадні, 4 верасня, Кастрычніцкі суд Мінска вынес пастановы па адміністрацыйных справах шасці журналістаў, якія асвятлялі акцыю студэнтаў 1 верасня і былі затрыманыя. Да вынясення пастаноў супрацоўнікі СМІ знаходзіліся ў ізалятары. Іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных пратэстных акцыях і пакаралі трыма суткамі арышту, якія журналісты ўжо адбылі ў чаканні суда.

"Судовыя працэсы прайшлі з поўным ігнараваннем стандартаў справядлівага судовага разбору", — канстатавала Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

БАЖ выступіла з пратэстам у сувязі з арыштамі журналістаў і запатрабавала перагляду судовых рашэнняў. "Нагадваем, журналісты маюць права знаходзіцца на масавых мерапрыемствах згодна з законамі "Аб сродках масавай інфармацыі" і "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь". У поўнай адпаведнасці з гэтымі прававымі актамі затрыманыя і прыцягнутыя да адказнасці журналісты былі пазначаныя бэйджамі і камізэлькамі з надпісам "Прэса", мелі пры сабе службовыя пасведчанні", — гаварылася ў заяве асацыяцыі.

БАЖ запатрабавала спыніць парушэнні правоў журналістаў і СМІ, перагледзець судовыя пастановы і пакараць асоб, якія перашкаджалі журналісцкай дзейнасці.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239