Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/05/ru_1058507_1058508/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 08:58
05.09.2020 18:49 Палітыка

На прэс-канферэнцыі ў Варшаве Вольга Кавалькова расказала, як яе вывезлі з краіны

Мінск, 5 верасня. Член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, давераная асоба былога кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова на прэс-канферэнцыі ў Варшаве 5 верасня расказала, як яе вывезлі з краіны.

Пра тое, што Кавалькова, якая адбывала чарговы 15-сутачны арышт у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, знаходзіцца ў Варшаве, стала вядома некалькі гадзін таму.

На прэс-канферэнцыі Кавалькова заявіла, што не збіралася з'язджаць з Беларусі і што яе вывезлі з краіны гэтак жа, як раней вывезлі Святлану Ціханоўскую. Паводле слоў Кавальковай, да яе ў ізалятар прыйшлі прадстаўнікі ўлады і сказалі, што калі яна не з'едзе з краіны, то не выйдзе на волю вельмі доўга. "Яны прыехалі ў ізалятар, пасадзілі мяне ў сваю машыну, надзелі капюшон, далі маску, паклалі на задняе сядзенне і вывезлі. Я не ведала, куды мы едзем. Прыехалі на пераход "Брузгі". <...> Я прайшла мяжу, яны перавезлі мае рэчы, хацелі падвезці. Але ехаў аўтобус на Варшаву, і польскія памежнікі папрасілі польскага кіроўцу, каб мяне падвезлі", — распавяла Кавалькова. Яна таксама адзначыла, што ў яе не было з сабой ні тэлефона, ні кантактаў, але была візітоўка пасла Польшчы ў Беларусі Артура Міхальскага, з якім яна звязалася і такім чынам змагла атрымаць неабходную дапамогу.

"Усё, што са мной адбывалася апошнія тыдні за кратамі, я расцэньваю як катаванні", — падкрэсліла Кавалькова.

Яна нагадала, што за кратамі застаюцца "яшчэ дзясяткі палітвязняў". "Мы павінны дамагацца вызвалення Паўла Севярынца, Сяргея Ціханоўскага, членаў прэзідыума Канстытуцыйнай рады Сяргея Дылеўскага і Ліліі Уласавай, Віктара Бабарыкі, Мікалая Статкевіча і ўсіх іншых затрыманых у Беларусі", — сказала Кавалькова.

"Мы ўжо перамаглі, нам застаецца толькі прымусіць уладу прызнаць гэты факт", — заявіла яна. Кавалькова заклікала беларусаў не спыняцца, выходзіць на мірныя акцыі пратэсту, выходзіць з праўладных арганізацый, куды іх заганяюць гвалтоўна, вывешваць бел-чырвона-белыя сцягі і далучацца да забастовак.

Кавалькову разам з яшчэ адным членам прэзідыума КР —кіраўніком страйкама Мінскага трактарнага завода Сяргеем Дылеўскім — затрымалі 24 жніўня каля прахадной МТЗ па абвінавачанні ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КоАП). У дачыненні да Кавальковай таксама склалі пратакол за непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КоАП). Кавалькову і Дылеўскага пакаралі 10 суткамі арышту.

3 верасня — у дзень, калі яны павінны былі выйсці на свабоду, — іх даставілі ў суд Цэнтральнага раёна Мінска і пакаралі яшчэ 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. Кавалькову і Дылеўскага прызналі вінаватымі па тым жа артыкуле КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Гаворка ідзе аб шматтысячнай стыхійнай дэманстрацыі ў Мінску 23 жніўня.

2 верасня ў Польшчу выехаў член прэзідыума КР — былы міністр культуры, дыпламат і гендырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка. Ён паведаміў, што адправіўся на эканамічны форум у Крыніцы-Гурскай.

Такім чынам, з шасці членаў прэзідыума КР цяпер у Беларусі знаходзяцца чатыры — каардынатар штаба прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава, юрыст Максім Знак, нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч, Сяргей Дылеўскі і медыятар Лілія Уласава. Дылеўскі адбывае адміністрацыйны арышт, а Уласава затрыманая па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў.

Каардынацыйная рада па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне створаная з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай, якая знаходзіцца ў Літве. Першае яе пасяджэнне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэння і дзейнасці рады распачатая справа паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы).

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239