Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/06/ru_1058540_254101/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:54
06.09.2020 11:47 Палітыка, Грамадства

Латушка — сілавікам: Падумайце пра будучыню, у вас яшчэ ёсць шанец стаць на бок дабра і ў хуткім часе разам з народам адсвяткаваць перамогу

Мінск, 6 верасня. Член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу Павел Латушка напярэдадні запланаванага сёння ў Мінску і іншых гарадах краіны прыхільнікамі перамен "Маршу адзінства" выступіў з відэазваротам да беларускіх сілавікоў.

"Мы ўсе жывем у розных гарадах адной краіны, на суседніх вуліцах, у адных дамах. Мы ходзім у адны і тыя ж крамы, нашы дзеці бавяць разам час на адных і тых жа дзіцячых пляцоўках. Нашы бацькі працуюць разам, сябруюць, радуюцца нашым поспехам. Мы выраслі ў адных і тых жа ўмовах. Але чаму вы зараз збіваеце і хапаеце нас, хоць многія з нас вашы сябры, знаёмыя, сваякі, бацькі ў рэшце рэшт? — гаворыцца ў звароце. — Што для вас стала трыгерам таго, што вы цяпер іншыя? Крэдытныя кватэры? Прэміі? Заробкі? Жаданне атрымаць павышэнне па службе праз боль і пакуты сотняў і тысяч мірных грамадзян?"

"Перамога ў любым выпадку будзе за народам, вы гэта выдатна разумееце, — заяўляе Латушка. — Падумайце пра будучыню. Многія вашы камандзіры і генералы атрымаюць тэрміны, але ў вас яшчэ ёсць шанец стаць на бок дабра і ў хуткім часе разам з народам адсвяткаваць перамогу".

"Мы не апазіцыя, мы большасць!" — рэзюмуе прадстаўнік прэзідыума Каардынацыйнай рады.

МУС сёння распаўсюдзіла паведамленне, у якім заклікала грамадзян "не ўдзельнічаць у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах". Ведамства заявіла, што "супрацоўнікі міліцыі прымуць усе неабходныя меры для спынення такіх акцый і недапушчэння парушэнняў грамадскага парадку".

"Супрацоўнікі міліцыі нясуць службу ва ўзмоцненым рэжыме. Для арганізацыі бяспекі павялічаная колькасць нарадаў і вайскоўцаў. Дадаткова задзейнічаная спецтэхніка міліцыі і ўнутраных войскаў МУС. На працягу дня будуць перакрытыя праспекты горада", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы МУС.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239