Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/06/ru_1058546_587458/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:27
06.09.2020 13:11 Грамадства, Палітыка

У Мінску сілавікі перакрылі плошчы Перамогі, Кастрычніцкую і Незалежнасці

Мінск, 6 верасня. У Мінску перакрытыя ўсе цэнтральныя плошчы — Перамогі, Кастрычніцкая і Незалежнасці.

Так, Кастрычніцкая плошча перакрытая металічнымі загародамі і скруткамі калючага дроту.

Плошчы Незалежнасці і Перамогі таксама агароджаныя металічнымі канструкцыямі. На плошчы Незалежнасці дзяжураць ўзмоцненыя нарады міліцыі.

У сталіцы таксама заўважанае перамяшчэнне спецтэхнікі — вадамётаў, бронетранспарцёраў, аўтазакаў і ваенных машын.

На вуліцы Леніна, насупраць будынка Нацбанка, стаяць не менш за 10 аўтобусаў з сілавікамі, уваходы ў сквер з усіх бакоў перакрытыя супрацоўнікамі ў чорнай форме, шлемах і бронекамізэльках. Людзей у сквер не пускаюць, але па праспекце пакуль праход вольны.

Ля падземных пераходаў у раёне ГУМа і Нацбанка з абодвух бакоў праспекта Незалежнасці знаходзяцца групы сілавікоў у поўнай амуніцыі.

Як паведамлялася, у 12.30 былі зачыненыя пяць станцый метро: "Плошча Леніна", "Кастрычніцкая", "Купалаўская", "Плошча Перамогі" і "Плошча Якуба Коласа". Як паведамляе сайт метрапалітэна, станцыі зачыненыя на ўваход і выхад "у мэтах арганізацыі бяспекі пасажыраў". Цягнікі на гэтых станцыях не спыняюцца.

Раней прыхільнікі перамен абвясцілі аб намеры правесці 6 верасня ў Беларусі "Марш адзінства". МУС сёння распаўсюдзіла паведамленне аб тым, што "супрацоўнікі міліцыі прымуць усе неабходныя меры для спынення такіх акцый і недапушчэння парушэнняў грамадскага парадку".

"Супрацоўнікі міліцыі нясуць службу ва ўзмоцненым рэжыме. Для арганізацыі бяспекі павялічаная колькасць нарадаў і вайскоўцаў. Дадаткова задзейнічаная спецтэхніка міліцыі і ўнутраных войскаў МУС. На працягу дня будуць перакрытыя праспекты горада", — гаворыцца ў паведамленні міліцэйскага ведамства.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239