Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/07/eu_1058666_123/
Дата раздрукоўкі: 27.09.2020 15:53
07.09.2020 10:20 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Кіраўнік МЗС Чэхіі: Санкцыі ЕС супраць уладаў Беларусі набудуць моц не пазней за 21 верасня

Мінск, 7 верасня. Санкцыі Еўрасаюза супраць беларускіх уладаў набудуць моц не пазней за 21 верасня, паведаміў 6 верасня ў Празе журналістам міністр замежных спраў Чэхіі Томаш Петржычак.

"Лічу, што санкцыі ЕС набудуць моц не пазней за 21 верасня, — цытуе ТАСС кіраўніка чэшскага МЗС. — Першапачаткова ў санкцыйны спіс уваходзіла 20 асоб, адказных за маніпуляцыі падчас выбараў і прымяненне сілы супраць удзельнікаў акцый пратэсту. Мы зноў назіраем жорсткае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі, так што гэты спіс у найбліжэйшыя дні мы можам пашырыць".

Мэтай Еўрасаюза, паводле слоў міністра, з'яўляецца пачатак перамоваў паміж беларускімі ўладамі і апазіцыяй. Акрамя таго, заявіў ён, кіраўніцтва Беларусі павінна выканаць абавязацельствы, якія вынікаюць з членства краіны ў АБСЕ, і забяспечыць, у прыватнасці, дзейнасць на сваёй тэрыторыі місіі гэтай міжнароднай арганізацыі.

19 жніўня на пазачарговай сустрэчы Еўрапейскага савета па сітуацыі ў Беларусі кіраўнікі краін ЕС дамовіліся аб увядзенні санкцый супраць тых, хто адказны за гвалт і рэпрэсіі ў дачыненні да мірных грамадзян, а таксама за фальсіфікацыю выбараў.

28 жніўня пасля нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЕС вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль сказаў, што ў санкцыйны спіс Еўрасаюза будуць уключаныя беларускія чыноўнікі высокага ўзроўню.

"Я не магу назваць дакладнага ліку або дакладных імёнаў асоб, у дачыненні да якіх будуць уведзеныя санкцыі, — сказаў Барэль. — Па-першае, паколькі гэта канфідэнцыйная інфармацыя. Па-другое, паколькі краіны ЕС яшчэ прапаноўваюць імёны чыноўнікаў, у дачыненні да якіх павінны быць сабраныя дастатковыя доказы. Мы рухаемся ў напрамку спіса з 20 чалавек, але ён можа паэтапна пашырацца ў будучыні, усё будзе залежаць ад развіцця сітуацыі".

31 жніўня Латвія, Літва і Эстонія ўвялі санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх службовых асоб. Інфармацыю пра гэта адначасова апублікавалі знешнепалітычныя ведамствы Латвіі, Эстоніі і МУС Літвы.

У спіс унесеныя: Аляксандр Лукашэнка, Віктар Лукашэнка, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка і яго намеснікі Максім Рыжанкоў, Вольга Чупрыс і Дзмітрый Крутой, намеснік кіраўніка справамі прэзідэнта Генадзь Богдан, кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына і члены ЦВК Вадзім Іпатаў, Алена Дмухайла, Святлана Кацуба, Ігар Плышэўскі, Алег Сліжэўскі, Ірына Целікавец, кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык (3 верасня прызначаны дзяржсакратаром Савета бяспекі), кіраўнік камітэта дзяржкантролю Іван Церцель (3 верасня прызначаны кіраўніком КДБ), старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч і яго намеснікі Аляксей Волкаў, Сяргей Аземша і Андрэй Смаль, генеральны пракурор Аляксандр Канюк, кіраўнік МУС Юрый Караеў і яго намеснікі Генадзь Казакевіч, Аляксандр Барсукоў, Сяргей Хаменка і Юрый Назаранка, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Раман Мельнік, начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Іван Кубракоў, намеснік начальніка дэпартамента аховы МУС — начальнік кіравання ідэалагічнай працы і кадравага забеспячэння Алег Шаблыка, дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў (3 верасня адпраўлены ў адстаўку, адкамандзіраваны ў Мінабароны).

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239