Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/08/ru_1058875_236013/
Дата раздрукоўкі: 16.01.2021 12:46
08.09.2020 11:30 Палітыка, Грамадства

Намеснік кіраўніка МУС Украіны аб перасячэнні мяжы членамі КР: Гэта было гвалтоўнае выправаджэнне з роднай краіны

Мінск, 8 верасня. Выезд прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне Марыі Калеснікавай, Антона Раднянкова і Івана Краўцова з Беларусі не быў добраахвотным, паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка. Пры гэтым Калеснікаву выправадзіць не ўдалося, дадаў ён.

"Гэта было гвалтоўнае выправаджэнне з роднай краіны, — напісаў ён на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку". — Марыю Калеснікаву не ўдалося выправадзіць з Беларусі, таму што гэтая смелая жанчына прыняла меры па прадухіленні яе перамяшчэння цераз мяжу. Яна засталася на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Усю адказнасць за яе жыццё і здароўе нясе персанальна Аляксандр Лукашэнка".

Згодна з паведамленнем некаторых украінскіх СМІ, пры спробе гвалтоўнага вывазу з Беларусі Калеснікава парвала свой пашпарт, і ўкраінскі бок не змог яе прыняць.

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранамітэта Беларусі Антон Бычкоўскі выклаў іншую версію здарэння. Паводле яго слоў, Калеснікава была затрыманая пры перасячэнні беларуска-ўкраінскай мяжы.

Марыя Калеснікава, Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў 8 верасня ў 4.10 раніцы праходзілі афармленне ў памежным пункце пропуску "Аляксандраўка", паведаміў Бычкоўскі. Яны без праблем прайшлі ўсе віды кантролю на беларускім баку і рушылі далей у бок украінскай тэрыторыі. Бычкоўскі растлумачыў, што ад пункта пропуску дарога да лініі дзяржмяжы з Украінай займае прыблізна 6 км, і на ёй у некалькіх месцах стаіць памежны патруль для таго, каб людзі "не парушалі памежны рэжым і рухаліся строга да памежнага пераходу, а не паварочвалі да найбліжэйшых населеных пунктаў. "Адбылося наступнае: Калеснікава, Раднянкоў і Краўцоў на сінім аўтамабілі "БМВ" рухаліся ў бок Украіны. Аднак сустрэўшы памежны нарад, машына рэзка паскорылася, стварыўшы пагрозу жыццю вайскоўца органаў пагранслужбы. Калеснікаву фактычна выпіхнулі з "БМВ". Аўтамабіль працягнуў рух і пакінуў тэрыторыю Беларусі. На гэты момант Марыя Калеснікава затрыманая для ўстанаўлення абставінаў таго, што адбылося. Будзе дадзеная прававая ацэнка", — сказаў Бычкоўскі.

Ён дадаў, што Калеснікава не пацярпела, "са здароўем у яе ўсё ў парадку, медыцынскай дапамогі не патрабуецца", а Раднянкоў і Краўцоў у рамках узаемадзеяння "затрыманыя сумежнымі службамі на ўкраінскай тэрыторыі".

Член прэзідыума КР юрыст Максім Знак паведаміў БелаПАН, што Калеснікава, Раднянкоў і Краўцоў "выязджаць за мяжу добраахвотна не планавалі". "І я з'язджаць зусім не збіраюся", — дадаў ён.

Інфармацыя аб затрыманні Марыі Калеснікавай з'явілася раніцай 7 верасня. Чытачка партала tut.by паведаміла рэдакцыі, што стала сведкай затрымання. Паводле яе слоў, ля Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску людзі ў цывільным адзенні і масках пасадзілі Калеснікаву ў мікрааўтобус з надпісам "Сувязь" і павезлі.

У пошуках Марыі Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў паехалі да яе дадому, пасля чаго сувязі з імі знікла.

Адвакаты Калеснікавай падалі паведамленні аб прыняцці яе абароны ў КДБ і Следчы камітэт, але пацвярджэння таго, што яна знаходзіцца ў гэтых ведамствах, не атрымалі.

Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская запатрабавала неадкладнага вызвалення сваёй паплечніцы Марыі Калеснікавай, а таксама ўсіх раней затрыманых членаў Каардынацыйнай рады і палітвязняў. Ціханоўская падкрэсліла, што задача Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне — быць платформай для перамоў. "Іншага рашэння няма, і Лукашэнка павінен гэта ўсвядоміць. Нельга трымаць народ у закладніках. Выкрадаючы людзей сярод дня, Лукашэнка дэманструе сваю слабасць і страх", — заявіла яна.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239