Затрыманы член прзідыума КР Максім Знак

"Такім чынам, 8.30, і ў Максіма павінна было быць інтэрв`ю, ён не зайшоў у "Зум", я яму патэлефанаваў, ён прамовіў фразу: "Падобна на тое, хтосьці да нас прыйшоў", адключыўся і напісаў слова "Маскі". Цяпер ён недаступны", — паведаміў Гермянчук у тэлеграм-канале штаба.
Пазней у сеціве з`явілася фота Максіма Знака ў суправаджэнні людзей у цывільным і ў масках на паркоўцы ля штаба. У штабе цяпер, мяркуючы па ўсім, праводзіцца вобшук — журналістаў туды не пускаюць, але ўнутры памяшкання знаходзяцца людзі.
Адвакат Дзмітрый Лаеўскі паспеў паведаміць парталу tut.by, што працэсуальныя дзеянні праводзіць Следчы камітэт і вобшук таксама павінен прайсці ў Максіма Знака дома. Зараз Лаеўскі недаступны.
З`явілася інфармацыя, што вобшук таксама праводзіцца ў кватэры, якую здымала член прэзідыума КР Марыя Калеснікава, затрыманая раніцай 7 верасня.
Максім Знак і нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч — двое з сямі членаў прэзідыума КР, якія застаюцца на свабодзе. Астатнія альбо затрыманыя, альбо гвалтоўна вывезеныя з краіны. На гэтую акалічнасць звяртаў увагу Знак падчас свайго стрыму ўвечары 7 верасня.
"Таму відавочна, што прэзідыум не зможа прымаць тых рашэнняў, якія ён раней прымаў. У сувязі з гэтым для прадухілення магчымага націску далейшага, а таксама для таго, каб забяспечыць больш аператыўную працу, былі прынятыя змены ў рэгламент", — паведаміў Знак. Ён распавёў, што ў "Тэлеграме" створаная спецыяльная закрытая рабочая група, куды будуць выносіцца пытанні, абмяркоўвацца і прымацца пасля галасавання. "Дзейнасць Каардынацыйнай рады працягваецца і будзе працягвацца", — падкрэсліў Знак.
Былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская, з чыёй ініцыятывы была створаная КР, запатрабавала неадкладна вызваліць Максіма Знака.
"Патрабую неадкладна вызваліць Максіма Знака, затрыманага, ці больш правільна будзе сказаць, выкрадзенага сёння. Метады, якія выкарыстоўвае так званая ўлада, — абуральныя. Патрабую таксама вызваліць Сяргея Дылеўскага і Марыю Калеснікаву, а таксама гарантаваць бяспечнае вяртанне ў краіну Паўла Латушкі і Вольгі Кавальковай", — заявіла Ціханоўская
"Бясспрэчна, Лукашэнка баіцца перамоваў і спрабуе такім чынам паралізаваць працу Каардынацыйнай рады, запалохаць яе членаў. Але альтэрнатывы перамовам няма, і Лукашэнку давядзецца гэта прыняць", — дадала яна.