Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/09/ru_1059127_1059128/
Дата раздрукоўкі: 26.09.2020 07:50
09.09.2020 13:01 Палітыка, Грамадства

Святлана Алексіевіч: У дачыненні да беларускага народа адбываецца тэрор

Мінск, 9 верасня. Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, — гэта "тэрор у дачыненні да беларускага народа". "Адзін чалавек тэрарызуе ўвесь народ", — заявіла нобелеўскі лаўрэат, пісьменніца Святлана Алексіевіч у гутарцы з журналістамі 9 верасня.

Журналісты прыбылі да дома Алексіевіч па яе просьбе. Пісьменніца, якая з'яўляецца членам прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, распавяла, што з самай раніцы невядомыя людзі званілі ў яе кватэру, прычым у дамафоне не было відаць, хто звоніць. У двары дома стаялі два мікрааўтобусы і было шмат невядомых людзей у цывільным.

Паводле слоў Алексіевіч, гэта яе ўстрывожыла, але адчувае яна сябе, у прынцыпе, нармальна, хоць цяпер "трохі хварэе".

На пытанне, ці не плануе яна з'язджаць з Беларусі, Алексіевіч адказала: "Краіну пакідаць не хачу, але вы ведаеце, якія ў нас спосабы. Малайчына Маша, яна скончыла з гэтай практыкай (маецца на ўвазе член прэзідыума КР Марыя Калеснікава, якая разарвала свой пашпарт, калі яе хацелі сілком вывезці ва Украіну. — БелаПАН.)".

Алексіевіч падкрэсліла, што КР заўсёды казала пра неабходнасць дыялогу, а людзі выходзяць на вуліцы з мірным пратэстам. У адказ на гэта ўлады дэманструюць зброю і ваенную тэхніку.

"Мы не павінны адмаўляцца ад сваіх намераў і павінны працягваць паступальна рабіць тое, што мы робім. Гэта цяжка, сотні людзей цяпер на Акрэсціна, у Жодзіне, але замест іх паўстаюць новыя", — сказала нобелеўскі лаўрэат.

Яна адзначыла, што засталася адзіным членам прэзідыума КР, які знаходзіцца ў Беларусі і на свабодзе. "Але ў раду запісаліся тысячы людзей, і яна працягне сваю працу", — дадала Алексіевіч.

Яна таксама нагадала пра словы Лукашэнкі, які заявіў, што "не будзе гаварыць з вуліцай". "Але вуліца — гэта народ, выйшлі настаўнікі, дактары, айцішнікі, людзі ўсіх сацыяльных груп грамадства. Людзі не хочуць вайны ў сваёй краіне, але ўлада не хоча іх чуць", — сказала пісьменніца.

На просьбу пракаментаваць візіт Лукашэнкі ў Расію на сустрэчу з Пуціным, Алексіевіч адказала: "Усё робіцца цішком, мы нічога не ведаем. Расія можа набыць тэрыторыю, але страціць беларускі народ. Расіяне заўсёды лічылі беларусаў сваімі братамі, але цяпер іх могуць страціць, калі такая палітыка працягнецца".

Пісьменніца дадала, што захапляецца беларускімі людзьмі, якія ўжо некалькі тыдняў мірна пратэстуюць. "Такі ў нас народ, гэта ўзрушвае. Я жыву з гэтым пачуццём ўзрушэння і здзіўлення", — сказала яна.

Цяпер у кватэры Алексіевіч знаходзяцца еўрапейскія дыпламаты — паслы Аўстрыі і Румыніі, а таксама дыпламатычныя супрацоўнікі пасольства Швецыі і прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.

Каля паўсотні чалавек стаяць у двары, падтрымліваючы нобелеўскага лаўрэата.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239