Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/09/ru_1059157_1059158/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 22:05
09.09.2020 15:04 Палітыка, Грамадства

Дзяржкантроль праводзіць пазапланавую праверку фонду "Краіна замкаў", яго дырэктар лічыць гэта формай палітычнага націску

Мінск, 9 верасня. Прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю 9 верасня прыйшлі з пазапланавай праверкай у фонд "Краіна замкаў". Пра гэта БелаПАН паведаміў дырэктар фонду Аляксандр Варыкіш.

Фонд "Краіна замкаў" зарэгістраваны ў 2006 годзе. Яго мэты — адраджэнне гістарычнай спадчыны, аднаўленне помнікаў архітэктуры. Адным з кірункаў дзейнасці з'яўляецца тэматычны турызм.

"Пазапланавая праверка дакументаў. Улічваючы тое, што ў нас абарот мізэр, то я не ведаю, што тут правяраць, тым больш Дзяржкантролю. Я гэта звязваю з палітычным націскам. Я наўпрост гэта звязваю з тым, што я супрацоўнічаў з прэс-групай Каардынацыйнай рады", — заявіў Варыкіш.

Гаворка ідзе аб Каардынацыйнай радзе па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, створанай у сярэдзіне жніўня па ініцыятыве былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай.

7 верасня ў Мінску былі выкрадзеныя член прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава, прэс-сакратар КР Антон Раднянкоў і выканаўчы сакратар рады Іван Краўцоў. 8 верасня іх сілком вывезлі ва Украіну, але Калеснікаву выправадзіць з Беларусі не ўдалося, паколькі на мяжы яна парвала свой пашпарт.

Раніца 9 верасня пачалася з затрымання члена прэзідыума КР Максіма Знака і адваката Калеснікавай Ільі Салея, у іх дома і ў штабе КР прайшлі вобшукі ў межах крымінальнай справы "за заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь".

Таксама сёння раніцай невядомыя спрабавалі выйсці на сувязь з яшчэ адным членам прэзідыума КР Святланай Алексіевіч: ёй тэлефанавалі з невядомых нумароў і званілі ў кватэру. Пасля таго як да дома нобелеўскага лаўрэата прыбылі журналісты і дыпламаты еўрапейскіх краін, званкі спыніліся.

Каардынацыйная рада выступіла з заявай, у якой запатрабавала вызвалення ўсіх затрыманых членаў прэзідыума і сакратарыята КР. Рада таксама заявіла, што яе дзейнасць будзе працягвацца ў любым выпадку.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239