Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/09/ru_1059187_1059188/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 21:27
09.09.2020 16:36 Палітыка, Грамадства

БХК праінфармаваў спецдакладчыка ААН па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў пра затрыманне Максіма Знака і Ільі Салея

Мінск, 9 верасня. Праваабарончае аб`яднанне "Беларускі Хельсінкскі камітэт" (БХК) праінфармавала спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў пра затрыманне Максіма Знака і Ільі Салея.

Максім Знак — адвакат, партнёр юрыдычнай фірмы Borovtsov & Salei, адзначае БХК. Знак з`яўляўся адвакатам Віктара Бабарыкі, які балатаваўся на пасаду кіраўніка дзяржавы, але не быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Максім Знак таксама з`яўляецца членам прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР), створанай па ініцыятыве былога кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай для арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу і забеспячэння згоды ў грамадстве.

Ілья Салей — адвакат каардынатара штаба Бабарыкі Марыі Калеснікавай, адной з лідараў КР і беларускага пратэстнага руху.

Дзеянні ўладаў у дачыненні да Знака і Салея БХК лічыць "умяшаннем у прафесійную дзейнасць адвакатаў і падрывам іх незалежнасці па палітычных матывах". Камітэт заклікае спецдакладчыка "распачаць неадкладныя дзеянні ў сувязі з затрыманнем адвакатаў і накіраваць ураду Беларусі тэрміновае паведамленне аб неабходнасці захавання асноўных прынцыпаў, якія тычацца ролі юрыстаў".

"Згодна са сваім мандатам спецдакладчык рэагуе на атрыманую інфармацыю аб меркаваных парушэннях, звязаных з незалежнасцю і бесстароннасцю суддзяў і з незалежнасцю юрыдычнай прафесіі, накіроўваючы зацікаўленым дзяржавам лісты з указаннем меркаваных парушэнняў і заклікі да неадкладных дзеянняў, каб растлумачыць і/або давесці да іх ведама адпаведныя выпадкі", — растлумачылі ў БХК.

Паводле апошняй інфармацыі, Максім Знак і Ілья Салей знаходзяцца ў статусе падазраваных у рамках справы па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), якая была распачатая па факце стварэння Каардынацыйнай рады.

Салей затрыманы на трое сутак і змешчаны ў ІЧУ на Акрэсціна, пра гэта паведаміў яго бацька.

Дзе цяпер знаходзіцца Максім Знак, пакуль невядома.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239