Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/09/ru_1059226_587474/
Дата раздрукоўкі: 11.05.2021 11:01
09.09.2020 19:07 Грамадства, Палітыка

Мінінфарм вынес трэцяе з пачатку жніўня папярэджанне парталу tut.by

Мінск, 9 верасня. Міністэрства інфармацыі 9 верасня вынесла чарговае папярэджанне ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" — за апублікаваны 8 верасня артыкул "Да рэдактара TUT.BY прыйшлі сілавікі. На яе дачку завялі крымінальную справу аб масавых беспарадках".

Як паведаміў партал tut.by, у лісце Мінінфарма гаворыцца, што ў дачыненні да Валерыі Уласік (дачкі рэдактара партала Галіны Уласік) крымінальная справа не распачыналася, а вобшук праводзіўся "ў мэтах праверкі інфармацыі аб датычнасці яе да арганізацыі масавых беспарадкаў, якія адбываюцца на тэрыторыі горада Мінска".

"Згодна з інфармацыяй упраўлення Следчага камітэта па горадзе Мінску (ліст ад 08.09.2020 № 15-10/17953) у цяперашні час расследуецца крымінальная справа № 20121110202, распачатая паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па фактах масавых беспарадкаў, што адбыліся з 09.08.2020 па 12.08.2020 у горадзе Мінску. Для ўстанаўлення асоб, якія маюць дачыненне да здзяйснення правапарушэнняў у названы перыяд, а таксама ўсіх акалічнасцяў здарэння следчымі ва ўзаемадзеянні з органам дазнання на пастаяннай аснове праводзяцца следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы. Так, паводле даручэння следчага следчага ўпраўлення Следчага камітэта па горадзе Мінску (далей — СУ УСК) 08.09.2020 з захаваннем заканадаўства супрацоўнікамі ГУБАЗіК Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь праведзены вобшук па месцы жыхарства Валерыі Уласік у мэтах праверкі інфармацыі, якая паступіла, аб датычнасці яе да арганізацыі масавых беспарадкаў, што адбываюцца на тэрыторыі горада Мінска", — адзначаецца ў лісце ведамства.

Аднак, звяртае ўвагу партал tut.by, асобы, як раней паведамлялася ў артыкуле, якія паказалі Галіне і Валерыі Уласік пастанову на вобшук, заявілі, што Валерыя падазраецца ў здзяйсненні крымінальнага злачынства паводле артыкула 293 КК "Масавыя беспарадкі". Тое ж самае паспела сказаць Валерыя журналістам, калі садзілася ў машыну, на якой яе павезлі ў РУУС.

Партал адзначае, што на працягу дня 8 верасня журналісты tut.by неаднаразова спрабавалі ўдакладніць статус Валерыі ў Следчым камітэце, аднак там сітуацыю так і не растлумачылі, затое ў Міністэрства інфармацыі звесткі накіравалі.

Папярэдняе папярэджанне ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" атрымала 7 верасня, яшчэ адно — 7 жніўня. У адпаведнасці з законам аб СМІ, у выпадку вынясення ўладальніку сеткавага выдання двух і больш пісьмовых папярэджанняў на працягу года доступ да сеткавага выдання можа быць абмежаваны. Рашэнне аб гэтым прымае Мінінфарм.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239