Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/09/ru_1059237_874512/
Дата раздрукоўкі: 11.05.2021 09:24
09.09.2020 19:38 Грамадства, Палітыка

Прыкладна дзесяць жанчын затрыманыя ў Мінску на акцыі ў падтрымку Марыі Калеснікавай

Мінск, 9 верасня. Некалькі дзясяткаў жанчын правялі вечарам 9 верасня ў Мінску акцыю ў падтрымку Марыі Калеснікавай.

У 18.15 ля гандлёвага цэнтра "Няміга 3" сабраліся больш за 20 жанчын. Яны трымалі плакаты: "Гатовыя выкрасці, пасадзіць і выгнаць сотні тысяч жанчын? Ну-ну, "героі", "Марыя, вы круцейшая за ўсіх герояў Marvel. Дзякуй, што вы ёсць", "Марыя, ты наш герой! І што б ні здарылася, мы з табой", "Добрая Маша, але не ваша".

Прысутных на камеру здымаў супрацоўнік праваахоўных органаў у медыцынскай масцы, а міліцыянер у форме заяўляў у гучнагаварыцель аб тым, што мерапрыемства не санкцыянаванае, і прапаноўваў разысціся.

На месцы акцыі з`явіліся невядомыя ў масках у цывільным адзенні, а таксама сілавікі ў чорных балаклавах і зялёнай форме без апазнавальных знакаў. Ад журналістаў запатрабавалі адысці на адлегласць 50 метраў: "У мэтах вашай бяспекі, каб не наступіла негатыўных наступстваў, каб вы не пацярпелі, каб потым не пісалі, што вас б`юць".

Частка жанчын пасля з`яўлення праваахоўнікаў пайшла ў бок праспекта Пераможцаў, частка засталася. Прыкладна ў гэты ж час да акцыі далучыліся яшчэ больш за дзесяць дзяўчат, і пачаліся затрыманні.

Увогуле, як змаглі заўважыць журналісты, у мікрааўтобусы пасадзілі не менш як сем жанчын, а таксама пагрузілі хлопца з веласіпедам і бел-чырвона-белым сцягам.

Прахожыя, якія назіралі за дзеяннямі сілавікоў, крычалі "Ганьба!" і "Трыбунал!". Паступова дзяўчыны пайшлі ад гандлёвага цэнтра.

Член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі Марыя Калеснікава была выкрадзеная раніцай 7 верасня ў цэнтры Мінска невядомымі ў масках. Праз некалькі гадзін знікла сувязь з прэс-сакратаром КР Антонам Раднянковым і выканаўчым сакратаром рады Іванам Краўцовым. На наступны дзень стала вядома, што ўсіх траіх гвалтоўна вывезлі ва Украіну, аднак Калеснікаву выправадзіць з Беларусі не ўдалося, бо на мяжы яна парвала свой пашпарт.

9 верасня стала вядома, што Калеснікава знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Мінску ў статусе падазраванай па справе паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239