Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/10/ru_1059279_123/
Дата раздрукоўкі: 16.01.2021 12:46
10.09.2020 10:34 Грамадства, Палітыка

Гарняка, які прыкаваў сябе ў знак пратэсту на глыбіні 305 метраў, гвалтоўна вынеслі з шахты

Мінск, 10 верасня. Салігорскага гарняка Юрыя Корзуна, які прыкаваў сябе наручнікамі да абсталявання на глыбіні 305 метраў і адмаўляўся падымацца на паверхню, гвалтоўна вынеслі з шахты, паведамляе тэлеграм-канал страйкама "Беларуськалія".

Наручнікі, якімі Корзун сябе прыкаваў, разрэзалі, "ужыўшы сілу". Гарняка вынеслі з шахты, на выхадзе з якой яго чакала машына хуткай дапамогі. Працоўнага адправілі ў прыёмны пакой Салігорскай цэнтральнай гарадской бальніцы.

У бок бальніцы ўслед за вывезеным шахцёрам рушыла калона з некалькіх дзясяткаў чалавек, якія раней сабраліся ў падтрымку Корзуна ля прахадной 1-га рудаўпраўлення прадпрыемства.

Пра адзіночную акцыю Юрый Корзун паведаміў раніцай 10 верасня. Ён заявіў, што мае намер знаходзіцца ў шахце да пачатку выканання яго патрабаванняў, у ліку якіх — адстаўка Лукашэнкі, неадкладнае спыненне сілавых дзеянняў у дачыненні да мірных грамадзян, іх выкраданняў, збіцця і катаванняў. Ён таксама патрабуе спыніць "запалохванне і звальненне працоўных", вызваліць усіх затрыманых прадстаўнікоў страйкама. Пра свае патрабаванні гарняк пісьмова праінфармаваў кіраўніцтва прадпрыемства (фотакопія яго заявы таксама размешчаная ў тэлеграм-канале).

Перад тым як спусціцца ў шахту, Корзун апублікаваў зварот да працоўных на сваёй старонцы "УКантакце": "8 верасня мне споўнілася 42. Усё свядомае жыццё я жыву пры рэжыме Лукашэнкі. Заўсёды быў апалітычны, але цяпер не магу заставацца ўбаку. АРЛ ніколі не любіў беларусаў! У гэтым жа годзе ён перастаў сябе стрымліваць і распачаў сапраўдны генацыд беларускага народа! Усе сілавыя структуры пад яго кіраўніцтвам перавысілі свае паўнамоцтвы, збіваючы, катуючы, гвалтуючы мірных пратэстоўцаў і проста выпадковых прахожых, застаючыся пры гэтым беспакаранымі! Усім нам вядома, што робіць злачынец, які адчувае беспакаранасць! Ён паўтарае свае злачынствы з кожным разам усё больш вынаходліва і жорстка. І гэта можа закрануць кожную сям`ю ў нашай краіне! Што гэта, калі не спроба адраджэння фашызму?"

"Спыніць прававы дэфолт і пачаць мірны дыялог змогуць толькі працоўныя прадпрыемстваў! Больш улада не стане слухаць нікога! Так заявіў асабіста Лукашэнка, — піша Корзун. — Сёння я раблю свой выбар! Пратэст пачынаю на працоўным месцы ў забоі, гарызонт -305 метраў. Цісну STOP!!! Пакідаць шахту адмаўляюся да пачатку выканання маіх патрабаванняў".

Ён таксама заклікаў "усіх беларусаў, усіх, хто пры станках і вытворчых лініях, ужо сёння зрабіць правільны выбар у барацьбе са злом і беззаконнасцю".

Юрый Корзун — вядомы ў Салігорску гарняк, выканаўца гімна "Беларускалія".

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239