Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/10/ru_1059313_1059314/
Дата раздрукоўкі: 26.09.2020 08:31
10.09.2020 13:26 Палітыка, Грамадства

Марыя Калеснікава, Максім Знак і Ілья Салей прызнаныя палітвязнямі

Мінск, 10 верасня. Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі членаў прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу Марыю Калеснікаву, Максіма Знака і юрыста штаба Віктара Бабарыкі Ілью Салея.

У сумеснай заяве, апублікаванай на праваабарончым сайце spring96.org, нагадваецца, што 9 верасня ўсе яны былі затрыманыя, дапытаныя ў Следчым камітэце, у іх кватэрах прайшлі вобшукі. У той жа дзень СК афіцыйна паведаміў, што Калеснікава, Знак і Салей падазраюцца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

Праваабаронцы "катэгарычна не згодныя з такой прававой кваліфікацыяй дзеянняў" Калеснікавай, Знака і Салея, а таксама ўсіх членаў КР у цэлым, лічаць, што яна "штучная, прадузятая, не адпавядае па сутнасці характару і задачам дзейнасці рады і відавочна палітычна матываваная". Яны адзначылі, што створаная па ініцыятыве Святланы Ціханоўскай рада закліканая арганізаваць "працэс пераадолення палітычнага крызісу і забеспячэння згоды ў грамадстве", а яе члены неаднаразова заяўлялі: мэта рады — "удзел у перамоўным працэсе паміж народам і ўладай па ўрэгуляванні палітычнага крызісу, які склаўся ў краіне пасля правядзення непразрыстых і несвабодных выбараў прэзідэнта Беларусі".

Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый падкрэслілі, што "менавіта прэзідэнцкія выбары, якія праходзілі са шматлікімі парушэннямі выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў", выклікалі абурэнне ў значнай часткі грамадзян, а таксама"прывялі да поўнай дэвальвацыі ўлады і страты легітымнасці А.Лукашэнкі, як законна абранага прэзідэнта краіны, у вачах большасці грамадства".

У заяве адзначаецца, што шматлікія мірныя акцыі пратэсту, якія прайшлі пасля выбараў па ўсёй Беларусі, "былі атакаваныя прадстаўнікамі спецпадраздзяленняў МУС з непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі". У выніку "ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі сотні грамадзян былі параненыя, а як мінімум тры ўдзельнікі дэманстрацый загінулі ад непасрэдных дзеянняў міліцыі".

"Асаблівы шок у грамадстве выклікалі шматлікія факты катаванняў супрацоўнікамі праваахоўных органаў грамадзян, затрыманых падчас дэманстрацый. Усё гэта яшчэ больш узмацніла недавер і негатыўнае стаўленне грамадства да органаў улады ў цэлым і да А.Лукашэнкі ў прыватнасці", — падкрэслілі аўтары дакумента.

"У гэтых умовах для дээскалацыі сітуацыі і правядзення перамоў аб выхадзе з відавочнага палітычнага крызісу і была створаная Каардынацыйная рада, — адзначылі праваабаронцы. — Ніякіх крокаў, у тым ліку публічных заклікаў да захопу дзяржаўнай улады, а тым больш па гвалтоўнай змене канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь або здзяйснення тэрарыстычных актаў, дыверсій і іншых дзеянняў, якія маглі б нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы краіне, яны не здзяйснялі".

Выказванне свайго меркавання і патрабаванне дыялогу паміж грамадствам і ўладай, перакананыя яны, не могуць з`яўляцца злачынствам у дэмакратычным грамадстве.

Праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што КР з моманту яе з`яўлення "была ўспрынятая рэзка негатыўна кіраўніцтвам краіны і асабіста А.Лукашэнкам, які яшчэ 18 жніўня заявіў аб незаконным характары яе дзейнасці і спробе захопу ўлады", а ўжо 20 жніўня Генпракуратура распачала па факце стварэння і дзейнасці КР справу па арт. 361 УК.

Крымінальны пераслед Калеснікавай, Знака і Салея яны расцанілі як палітычна матываваны і накіраваны на "спыненне іх законнай дзейнасці або змяненне яе характару". Палітычны і супрацьпраўны характар гэтага пераследу, лічаць праваабаронцы, яшчэ больш падкрэсліваюць "прадэманстраваныя спецслужбамі Беларусі абсалютна неправавыя падыходы", у прыватнасці выкраданне, спроба гвалтоўнага выправаджэння з краіны і пагрозы фізічнай расправай у дачыненні да Калеснікавай.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць Калеснікаву, Знака і Салея і спыніць іх крымінальны пераслед, а таксама неадкладна вызваліць усіх палітвязняў, спыніць палітычныя рэпрэсіі і гвалт у краіне.

Дакумент падпісалі прадстаўнікі праваабарончага цэнтра "Вясна", праваабарончага аб`яднання "Беларускі Хельсінкскі камітэт", Беларускага ПЭН-цэнтра, ініцыятыўнай групы "Ідэнтычнасць і права", Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend), кансультацыйнага цэнтра Hyman Constanta, Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускай асацыяцыі журналістаў, таварыства "Ініцыятыва FORB", Офіса па правах людзей з інваліднасцю, Беларускага дакументацыйнага цэнтра, грамадскага аб`яднання "Прававая ініцыятыва".

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з улікам Калеснікавай, Знака і Салея, у Беларусі на гэты момант налічваецца 58 палітычных зняволеных.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239