Генпракуратура заклікала неадкладна спыняць дзейнасць "незаконных фармаванняў" грамадзян
Мінск, 11 верасня. Генеральная пракуратура запатрабавала ад дзяржаўных органаў, уключаючы МУС, Следчы камітэт, МНС, Міністэрства аховы здароўя і адукацыі, аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам, "прыняць меры па ліквідацыі парушэнняў і недахопаў у сферы падтрымання грамадскага парадку", заявіў намеснік генпракурора Аляксей Стук.
Адзначана неабходнасць "у межах кампетэнцыі кожнага ведамства арганізаваць працу па ўстанаўленні ўсіх відаў шкоды, нанесенай у выніку незаконных масавых мерапрыемстваў, і забяспечыць яе пакрыццё".
Пад шкодай "разумеецца любая шкода, галоўным чынам маёмасная", таксама "выдаткі на выезд і працу спецыяльных службаў".
"У сувязі з гэтым будзе актывізаваная праца па выяўленні вінаватых у прычыненні шкоды, асабліва арганізатараў масавых беспарадкаў", — заявіў Стук.
Пракурорам даручана "пастаянна аналізаваць стан грамадскага парадку ў населеных пунктах, дысцыпліны ў працоўных калектывах, выяўляць прычыны і ўмовы, якія могуць спрыяць парушэнням".
"Усе кампетэнтныя органы закліканыя своечасова выяўляць незаконныя фармаванні, аб'яднанні грамадзян (атрады дружын, самаабароны, самакіравання), даваць гэтаму прававую ацэнку і пры парушэнні закона неадкладна спыняць іх дзейнасць", — адзначыў прадстаўнік Генпракуратуры.
"У выпадку незабеспячэння правапарадку пракуроры будуць прымяняць да кіраўнікоў дзяржорганаў і іншых арганізацый меры рэагавання", — папярэдзіў Стук.
Пры выяўленні фактаў "негатыўнага ўздзеяння" на працоўныя калектывы, мэта якога — "спыненне вытворчага працэсу", пракуроры "аператыўна адрэагуюць і паставяць пытанне аб прыцягненні да адказнасці тых, хто сабатуе працу прадпрыемстваў".
"Прызнаная недастатковай дзейнасць кампетэнтных органаў па прыцягненні бацькоў да адказнасці за ўцягванне і ўдзел іх дзяцей, асабліва малалетніх, у незаконных масавых мерапрыемствах", — заявіў Стук.
На яго думку, "стварэнне бацькамі сітуацыі, калі здароўю і нават жыццю дзяцей пагражае небяспека, а таксама факты прыцягнення саміх бацькоў да адміністрацыйнай і іншай адказнасці з'яўляюцца адным з паказчыкаў сямейнай непаспяховасці і могуць прывесці да абарончых мераў у дачыненні да дзяцей".
Стук паведаміў, што было складзена больш за 200 пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да непаўналетніх "за ўдзел у масавых беспарадках".
Найбліжэйшым часам Генпракуратура "правядзе нараду на тэму дастатковасці мер, якія прымаюцца дзяржаўнымі і іншымі арганізацыямі па стабілізацыі становішча ў краіне".