Кіраўнік ААН: Улады Беларусі павінны спыніць сілавыя дзеянні супраць удзельнікаў пратэстаў

У заяве, з якой 11 верасня ад імя кіраўніка ААН выступіў яго прэс-сакратар, гаворыцца, што сітуацыя ў Беларусі выклікае ў яго глыбокую трывогу. Гутэрыша асабліва турбуюць бесперапынныя сілавыя дзеянні супраць мірных пратэстоўцаў і затрыманні людзей, якія ажыццяўляюць свае законныя дэмакратычныя правы. Ён таксама занепакоены паведамленнямі аб выкарыстанні тактыкі запалохвання супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, СМІ і апазіцыі.
"Генеральны сакратар ААН заклікае ўлады ўстрымацца ад прымянення сілы супраць тых, хто ўдзельнічае ў мірных сходах, і дамагчыся таго, каб абвінавачанні ў катаваннях і жорсткім абыходжанні з затрыманымі былі цалкам расследаваныя", — заявіў прэс-сакратар Гутэрыша.
Кіраўнік ААН падкрэсліў, што "цяперашні крызіс могуць пераадолець толькі самі беларусы шляхам шырокага, інклюзіўнага дыялогу". Ён перакананы, што ў інтарэсах стабільнасці гэты дыялог трэба пачаць неадкладна.
Генеральны сакратар ААН з самага пачатку пратэстаў у Беларусі не раз звяртаўся да ўладаў краіны з заклікам спыніць катаванні затрыманых. З аналагічнай заявай выступіла і вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет, а таксама Камітэт ААН па правах чалавека.
Спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, выступаючы 4 верасня перад Саветам бяспекі ААН, заявіла, што сітуацыя ў Беларусі яшчэ ніколі не была такой катастрафічнай, як у апошні месяц.
"Яшчэ больш трывожна, што сітуацыя працягвае пагаршацца, — сказала яна. — Гэтыя падзеі, беспрэцэдэнтныя для Беларусі, патрабуюць павышанай увагі з боку міжнароднай супольнасці, бо існуе вялікая рызыка таго, што спіраль гвалту можа пагражаць рэгіянальнаму міру і бяспецы".
Экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, выступаючы 4 верасня перад Саветам Бяспекі ААН, заявіла пра неабходнасць неадкладна накіраваць у Беларусь міжнародную групу назіральнікаў ААН для фіксацыі таго, што адбываецца ў краіне. Ціханоўская адзначыла, што беларускі народ мае патрэбу ў дапамозе з боку ААН, каб "спыніць абуральнае парушэнне правоў чалавека і цынічную непавагу да права на чалавечую годнасць у цэнтры Еўропы".
Нобелеўскі лаўрэат па літаратуры, член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу Святлана Алексіевіч на гэтым тыдні таксама звярнулася да ААН з просьбай накіраваць у Беларусь маніторынгавую місію. "Мы заклікаем Генеральную асамблею ААН накіраваць маніторынгавую місію, каб засведчыць рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў", — адзначаецца ў сумеснай заяве Алексіевіч, старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца і генеральнага сакратара арганізацыі "Рэпарцёры без межаў" Крыстофа Дэлуара.