Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/12/ru_1059628_2255874/
Дата раздрукоўкі: 17.01.2021 08:38
12.09.2020 15:47 Палітыка, Грамадства

Жаночы марш праходзіць у цэнтры Мінска, нягледзячы на затрыманні дзясяткаў удзельніц

Мінск, 12 верасня. Жаночы марш 12 верасня праходзіць па вуліцах у цэнтры Мінска, нягледзячы на перыядычныя затрыманні ўдзельніц сілавікамі.

Марш стартаваў у 15.00 на плошчы Свабоды. Да гэтага часу ля ратушы сабралася прыкладна 300 чалавек, у тым ліку прыйшла пажылая актывістка Ніна Багінская. Жанчыны калонай хадзілі вакол ратушы.

Яны трымалі бел-чырвона-белыя сцягі, а таксама плакаты "АГЛ, твой дом — турма", "All you need is LAW", "Свабоду палітвязням", "Арэшак, у народа ўжо ёсць сцэнар фінальнага эпізоду".

Міліцыянер у форме з мегафонам папярэджваў жанчын, што мерапрыемства не санкцыянаванае, і прасіў разысціся. Яму ў адказ скандавалі: "Я гуляю!" Ад журналістаў запатрабавалі адысці на адлегласць 50 метраў.

Паколькі акцыя пазіцыянавалася ў сацсетках як "самы шумны марш", прыкладна ў 15.00 жанчыны сталі пляскаць у далоні, крычаць, некаторыя стукалі ў жалезныя міскі, трэслі бразготкамі.

Праз некалькі хвілін на плошчу Свабоды прыехалі аўтазакі, а таксама аўтобусы, з якіх выйшлі супрацоўнікі АМАП, невядомыя ў масках у цывільным і сілавікі ў чорных балаклавах і зялёнай форме без апазнавальных знакаў. Яны пачалі затрымліваць удзельніц.

У адказ жанчыны пачалі крычаць, стукаць па мікрааўтобусе, куды завялі як мінімум адну затрыманую, скандаваць "Адпускай", "Пайшлі прэч" і "Сяброўка за сяброўку". Мікрааўтобусу ўдалося з'ехаць.

Сілавікі разбілі жанчын на некалькі груп і атачылі. Жанчыны, стоячы ў счэпцы, крычалі і скандавалі: "Ганьба!"

Затрыманыя дзясяткі чалавек. У 15.25 сілавікі паехалі з плошчы Свабоды, людзі праводзілі іх крыкамі "Фашысты!".

На плошчу паступова вярнулася каля сотні чалавек. Яны далучыліся да калоны прыкладна ў 250 жанчын, якія рухаліся па вуліцы Леніна з цэнтра ў бок Нямігі, а затым пайшлі да Палаца спорту. Яны стукаюць у міскі, скандуюць "Саша, ты звольнены!" і "Жыве Беларусь!".

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239