Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/12/ru_1059638_214012/
Дата раздрукоўкі: 28.01.2021 02:42
12.09.2020 17:42 Палітыка, Грамадства

Жаночы марш у цэнтры Мінска доўжыўся больш за дзве гадзіны

Мінск, 12 верасня. Больш за дзве гадзіны доўжыўся 12 верасня жаночы марш па цэнтральных вуліцах Мінска.

На месцы збору каля плошчы Свабоды сілавікі затрымалі дзясяткі чалавек. Тым не менш жанчынам удалося арганізаваць шэсце ад вуліцы Леніна ў бок Нямігі, затым уздоўж набярэжнай Свіслачы, па вуліцах Зыбіцкай і інтэрнацыянальнай, Янкі Купалы. Там да іх далучыліся яшчэ дзве калоны ўдзельніц, якія прыйшлі з боку Опернага тэатра і з Кастрычніцкай плошчы.

Пасля гэтага ўдзельніцы маршу — прыблізна 2,5 тысячы — выйшлі на тратуар праспекта Незалежнасці і рушылі ў бок плошчы Якуба Коласа. Рух па праспекце на гэтым адрэзку перыядычна перакрываўся. Удзельніцы скандавалі "Дзе наша Маша?" (аб затрыманай Марыі Калеснікавай, члене прэзідыума Каардынацыйнай рады) і "Колькі каштуе сумленне?".

На скрыжаванні праспекта з вуліцай Казлова да жанчын далучылася яшчэ адна калона, і паступова агульная колькасць удзельніц маршу ўзрасла да 5 тысяч. Яны прайшлі праз плошчу Якуба Коласа і, дайшоўшы да скрыжавання з вуліцай Дарашэвіча, перайшлі праз праспект і рушылі ў адваротны бок, скандуючы "Закон для ўсіх!", "Сыходзь!", "Пайшоў прэч!", "Сыходзь, пацук!".

На скрыжаванні з вуліцай Казлова каля плошчы Перамогі калона праскандавала "Да заўтра!", "Дзякуй усім!", "Жыве Беларусь!", і людзі пачалі разыходзіцца.

Праваабаронцы апублікавалі прозвішчы 36 чалавек, затрыманых падчас маршу. У іх ліку карэспандэнты тэлеканала "Белсат" Кацярына Андрэева і Макс Калітоўскі. Спіс абнаўляецца. У сацсетках паведамляецца пра адзіночныя затрыманні каля плошчы Перамогі пасля завяршэння акцыі.

Тэлеграм-канал "Пул Першага" паведаміў, што гэтым часам Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду з кіраўнікамі сілавых ведамстваў. Падрабязнасці пакуль невядомыя.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239