У розных раёнах Мінска пачынаюць затрымліваць удзельнікаў чарговага нядзельнага маршу прыхільнікаў перамен
Мінск, 13 верасня. Як і ў мінулую нядзелю, за паўтары-дзве гадзіны да абвешчанага сёння Маршу герояў у розных раёнах Мінска пачалі затрымліваць людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, якія групамі накіроўваліся ў цэнтр горада.
Мяркуючы па паведамленнях і відэа інтэрнэт-карыстальнікаў, затрыманні адбыліся ў раёне станцыі метро "Грушаўка" і на вуліцы Маякоўскага. Людзей затрымліваюць сілавікі ў чорнай форме, у некаторых ёсць зброя. Затрыманых змяшчаюць у мікрааўтобусы.
Гэта ўжо пяты па ліку нядзельны марш прыхільнікаў перамен пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Людзі па ўсёй краіне патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і правядзення новых сумленных выбараў, вызвалення палітвязняў, а таксама адказнасці за збіццё мірных дэманстрантаў і іх катаванне.