Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/13/ru_1059741_123/
Дата раздрукоўкі: 28.01.2021 01:06
13.09.2020 19:17 Грамадства, Палітыка

У Гродне Марш герояў доўжыўся каля трох гадзін і завяршыўся жорсткім затрыманнем дзясяткаў пратэстоўцаў

Гродна, 13 верасня. Марш герояў у Гродне завяршыўся брутальнымі затрыманнямі дзясяткаў пратэстоўцаў.

Акцыя прыхільнікаў перамен у Гродне сабрала некалькі тысяч чалавек. Пратэстоўцы з бел-чырвона-белымі сцягамі пачалі збірацца да 14.00 каля моладзевага цэнтра "Гродна" на Савецкай вуліцы. Яны скандавалі "Жыве Беларусь", "Верым, можам, пераможам", "Гэта наш горад", "Гродна, выходзь". Сярод дэманстрантаў былі працаўнікі завода "Хімвалакно" ў рабочай форме.

З цэнтра калона адправілася праз Вялікую Траецкую вуліцу на вуліцу Горкага. Калі дэманстранты знаходзіліся на абодвух баках вуліцы, да іх пад'ехалі аўтазакі і міліцэйскія аўтобусы. Адтуль выйшла каля сотні сілавікоў у шлемах і са зброяй, якая страляе гумовымі кулямі, у некаторых былі шчыты.

Дзясяткі ўдзельнікаў маршу, якія знаходзіліся ў канцы калоны, а таксама ў бліжэйшых дварах, былі затрыманыя. Забіралі мужчын, жанчын, людзей сталага ўзросту. Аўтазакі некалькі разоў з'язджалі з вуліцы Горкага і вярталіся назад, калі дэманстранты вярталіся да праезнай часткі. Так было да таго часу, пакуль пратэстоўцы не разышліся.

На месцы пратэстаў знаходзіліся намеснік начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Віталь Стасюкевіч і начальнік гродзенскага АМАПа Уладзімір Краўцэвіч. Затрыманых павезлі ў Ленінскі РАУС.

Марш герояў у Гродне доўжыўся каля трох гадзін.

Марына Харэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239