Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/14/ru_1059757_123/
Дата раздрукоўкі: 20.01.2021 20:10
14.09.2020 00:21 Грамадства, Палітыка

Марш герояў у Мінску сабраў не менш за 100 тысяч чалавек

Мінск, 14 верасня. Марш герояў у Мінску 13 верасня сабраў не менш за 100 тысяч чалавек і суправаджаўся жорсткімі дзеяннямі сілавікоў.

Затрыманні ўдзельнікаў акцыі пачаліся яшчэ да яе пачатку ў розных пунктах горада — сілавікі спрабавалі не пусціць людзей у цэнтр. Затрыманні адбываліся ў раёне метро "Грушаўка", на вуліцах Маякоўскага, Залатая Горка, Чорнага, Сурганава і ў іншых месцах.

Нягледзячы на гэта, да 15.00 на праспекце Пераможцаў сабраліся дзясяткі тысяч чалавек, спачатку яны рушылі ў кірунку да стэлы "Мінск — горад-герой", а затым — у бок спарткомплексу "Мінск-Арэна", у бок мікрараёна Дразды, дзе размешчаная рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі і жыллё іншых высокапастаўленых чыноўнікаў. Па дарозе да калоны далучаліся іншыя дэманстранты — паводле ацэнак журналістаў, было не менш за 100 тысяч чалавек.

Каля "Мінск-Арэны" шлях дэманстрантам заступілі сілавікі са зброяй, аўтазакі і ваенная спецтэхніка — машыны "Рубеж", вадамёты. Каля паўгадзіны ўдзельнікі маршу і кардон сілавікоў стаялі адзін насупраць аднаго, затым калона дэманстрантаў павярнула ў зваротным кірунку.

У раёне станцыі метро "Пушкінская" адбыліся брутальныя затрыманні. На дэманстрантаў кідалася адразу па некалькі сілавікоў, людзей сілай цягнулі ў мікрааўтобусы і аўтазакі.

Частцы дэманстрантаў усё ж удалося дабрацца да Драздоў. Яны падышлі да дома старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай і пакінулі там плакаты і сімвалічныя падарункі. Калі людзі ўжо сыходзілі, з`явіліся мікрааўтобусы з сілавікамі. Журналісты "Еўрарадыё" і "Нашай Нівы" паведамілі пра тое, што сілавікі кідалі ў дэманстрантаў святлошумавыя гранаты, аднак МУС гэтую інфармацыю абвяргае.

Паводле інфармацыі МУС, у Мінску затрыманыя больш як 400 чалавек. Колькі затрыманых па ўсёй краіне, не ўдакладняецца.

"Некаторыя крыніцы ў інтэрнэце каля 18.00 распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што ў Мінску быў чутны гук, падобны на стрэл, — адзначылі ў МУС. — Разабраліся. Супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі некалькі актыўных удзельнікаў на праспекце Пераможцаў. У гэты час іншыя людзі акцыі пратэсту, не менш за сто чалавек, спрабавалі іх адбіць. Для спынення незаконных дзеянняў быў выраблены папераджальны стрэл у паветра з помпавай стрэльбы".

Праваабаронцы паведамляюць імёны больш як 200 затрыманых у Мінску. Сярод іх журналіст тэлеканала "Белсат" Арцём Лява (адпушчаны праз некалькі гадзін пасля затрымання з Кастрычніцкага РУУС). Затрымліваліся таксама намеснік галоўнага рэдактара сайта "Наша Ніва" Зміцер Панкавец — яго адпусцілі пасля праверкі дакументаў, і галоўны рэдактар парталу dev.by Наталля Правалінская — яе пратрымалі некалькі гадзін у Кастрычніцкім РУУС і таксама адпусцілі.

Сённяшні марш быў пятым па ліку нядзельным маршам прыхільнікаў перамен пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. Людзі па ўсёй краіне патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі і правядзення новых сумленных выбараў, вызвалення палітвязняў, а таксама адказнасці за збіццё мірных дэманстрантаў і іх катаванні.

Марш герояў прайшоў таксама ў Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, Віцебску, Бабруйску, Лідзе і некаторых іншых гарадах Беларусі. Там таксама затрымлівалі дэманстрантаў, у тым ліку жанчын і пажылых людзей.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239