Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/14/ru_1059763_123/
Дата раздрукоўкі: 28.01.2021 02:30
14.09.2020 01:03 Грамадства, Палітыка

Каардынацыйная рада асудзіла факты ўжывання грубай сілы ў дачыненні да пратэстоўцаў

Мінск, 14 верасня. Каардынацыйная рада (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі "рашуча асудзіла факты ўжывання грубай сілы ў дачыненні да пратэстоўцаў".

"Мы падзяляем боль і абурэнне беларусаў, якія зазналі гвалт падчас мірных акцый, — гаворыцца ў каментары КР да сённяшніх падзей. — Права мірна выказваць сваё меркаванне на сходах і мітынгах гарантуецца арт. 33 і 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Нават калі асобныя дзяржорганы лічаць, што дэманстранты парушаюць фармальны парадак правядзення шэсцяў, гэта не дае ім права праяўляць жорсткасць у адносінах да мірных грамадзян, прыраўноўваючы іх да небяспечных злачынцаў".

"Мы таксама выступаем супраць таго, што прадстаўнікі сілавых структур здзяйсняюць гвалт ананімна: у цывільным адзенні, у масках, без знакаў ведамаснай прыналежнасці, — адзначаюць у КР. — Такія дзеянні не толькі парушаюць заканадаўства, але спрыяюць разгулу самавольства і ўсёдазволенасці. Замест таго каб абараняць бяспеку грамадзян, супрацоўнікі сілавых ведамстваў парушаюць канстытуцыйныя правы і інтарэсы мірных суайчыннікаў".

Каардынацыйная рада заклікае "праваахоўнікаў дзейнічаць, не хаваючы сваіх асоб, і спыніць неапраўданае ўжыванне сілы".

13 верасня ў Мінску і іншых гарадах Беларусі адбыўся Марш герояў. У шэрагу гарадоў дэманстрацыі былі брутальна разагнаныя сілавікамі. З асаблівай жорсткасцю сілавікі дзейнічалі ў Мінску, Гродне і Брэсце.

МУС паведаміў пра 400 затрыманых у Мінску. Колькасць затрыманых па краіне не называецца.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239