Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/14/ru_1059828_123/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 02:01
14.09.2020 13:01 Палітыка

Каардынацыйная рада заклікала кіраўніцтва і грамадскасць Расіі не падтрымліваць "палітыку рэпрэсій" у Беларусі

Мінск, 14 верасня. Каардынацыйная рада (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне заклікала кіраўніцтва і грамадскасць Расіі не падтрымліваць "палітыку рэпрэсій" у Беларусі. Адпаведны зварот КР апублікаваны 14 верасня, у дзень перамоў Уладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы.

"Выбары, якія прайшлі ў Беларусі 9 жніўня, і трагічныя падзеі пасля іх — забойствы, збіццё і катаванне мірных дэманстрантаў — кінулі Беларусь у глыбокі палітычны крызіс. У цэнтры Еўропы ў XXI стагоддзі развязаны тэрор у дачыненні да мірных грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія выказваюць альтэрнатыўны ўладзе пункт гледжання", — адзначае КР.

"Вырашэнне ўнутранага крызісу, які паўстаў у Беларусі, магло б быць ініцыяванае ў межах дзейнага прававога поля і існуючых палітычных структур. Гаворка, перш за ўсё, пра беларускі парламент, які закліканы прадстаўляць інтарэсы грамадзян, усяго грамадства. На вялікі жаль, нічога падобнага не адбылося. Дзейная ўлада катэгарычна адмаўлялася і адмаўляецца прызнаць крызіс і шукаць цывілізаваныя спосабы яго вырашэння", — гаворыцца ў звароце.

Там адзначаецца, што КР была створаная з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай — асноўнага альтэрнатыўнага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах, "гэта грамадзянская платформа, у якую ўвайшлі прадстаўнікі розных груп грамадства".

"Хочам асабліва падкрэсліць: Каардынацыйная рада ніколі не ставіла і не ставіць сваёй мэтай пагоршыць адносіны Беларусі і Расіі, як гэта спрабуюць падаваць беларускія афіцыйныя каналы. Мы падтрымліваем развіццё беларуска-расійскіх адносін ва ўсіх сферах", — гаворыцца ў звароце КР.

"Але для таго, каб планаваць хаця б найбліжэйшую будучыню, планаваць супрацоўніцтва, неабходна вырашыць сур'ёзны канфлікт унутры краіны, — адзначае КР. — Для гэтага мы як грамадзянская платформа ініцыявалі дыялог па трох самых вострых пытаннях: 1) спыненне гвалту ў дачыненні да мірных грамадзян, расследаванне фактаў гвалту і пакаранне вінаватых у строгай адпаведнасці з законам; 2) спыненне палітычных рэпрэсій у краіне і вызваленне з турмаў і ізалятараў грамадзян, якія іх зазналі; 3) падрыхтоўка новых выбараў, якія пройдуць адкрыта і празрыста, бо менавіта недавер да афіцыйных вынікаў выбараў, што прайшлі 9 жніўня, шматлікія зафіксаваныя факты фальсіфікацый выклікалі шырокі грамадскі пратэст".

КР падкрэслівае, што рада не ставіць сваёй мэтай "захоп улады", як гэта падаюць некаторыя СМІ. "Мы ж, як грамадзянская платформа, выступаем за тое, каб у краіне як мага хутчэй запрацавалі базавыя канстытуцыйныя нормы. За тое, каб любыя праблемы ў грамадстве вырашаліся шляхам дыялогу", — адзначаецца ў звароце.

"Дзеянні беларускай улады за апошні месяц, якая шырока выкарыстоўвае арсенал гвалту, правакуюць далейшы рост пратэстаў, радыкалізацыю настрояў у грамадстве і з вялікай верагоднасцю могуць прывесці краіну да гуманітарнай катастрофы, — лічаць у КР. — Мы перакананыя, што Расія як найважнейшы партнёр Беларусі не можа быць зацікаўленая ў такім сцэнары. Мы перакананыя, што блізкі нам расійскі народ хоча, каб Беларусь была мірнай, спакойнай краінай. Мы ўпэўненыя, што стабільнасць у рэгіёне важная не толькі для Беларусі, але і для Расіі, і ўжо цалкам відавочна, што гэтая стабільнасць не можа быць дасягнутая далейшымі рэпрэсіямі і сілавым задушэннем мірных пратэстаў".

"Для нас з'яўляецца важным, каб меркаванне значнай часткі беларускага грамадства чулі і ўлічвалі ў Расіі, — падкрэслівае КР. — Падтрымка афіцыйнымі асобамі дзеянняў сілавых органаў Беларусі, палітыкі рэпрэсій замест дыялогу, безумоўна, пакіне сур'ёзны негатыўны адбітак на двухбаковых адносінах. У той жа час шчырая падтрымка рэальнага, а не бутафорскага дыялогу ўнутры краіны паміж рознымі палітычнымі сіламі будзе спрыяць больш хуткай нармалізацыі становішча ў Беларусі і развіццю адносін Беларусі і Расіі".

Закрытыя перамовы Пуціна з Лукашэнкам, якія пройдуць у Сочы без удзелу міністраў і СМІ, сёння пракаментавала таксама Святлана Ціханоўская.

"Я хачу нагадаць Уладзіміру Пуціну: што б вы ні прынялі і пра што б вы ні дамовіліся падчас сустрэчы ў Сочы — гэта не будзе мець законнай сілы. Усе дамовы, падпісаныя з нелегітымным Лукашэнкам, будуць перагледжаныя новай уладай. Таму што беларускі народ адмовіў Лукашэнку ў даверы і падтрымцы на выбарах. Я вельмі шкадую, што вы вырашылі весці дыялог з дыктатарам, а не з беларускім народам", — заявіла Ціханоўская.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239