Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/14/ru_1059850_587458/
Дата раздрукоўкі: 28.01.2021 01:16
14.09.2020 14:01 Палітыка, Грамадства

Член страйкама "Беларуськалія" Сяргей Чаркасаў асуджаны на 15 сутак арышту

Мінск, 14 верасня. Член страйкама ААТ "Беларуськалій" і былы старшыня Незалежнага прафсаюза гарнякоў Сяргей Чаркасаў асуджаны судом у Салігорску на 15 сутак арышту на падставе артыкула 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Такое рашэнне прынятае 14 верасня на выязным пасяджэнні суда ў будынку мясцовага РАУС, паведамляе тэлеграм-канал страйкама.

Некалькі гадзін таму аналагічнае рашэнне суд прыняў у дачыненні да члена страйкама Рамана Лявончыка.

Чаркасаў і Лявончык былі затрыманыя 13 верасня.

У страйкаме "Беларуськалія" адзначаюць "беспрэцэдэнтны націск" на ўдзельнікаў забастоўкі. З канца жніўня суды выносілі штрафы і пастановы аб адміністрацыйных арыштах паводле артыкула 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах) у дачыненні да членаў страйкама Анатоля Бокуна, Уладзіміра Шылы, Дзяніса Тарасевіча, Мікалая Лявончыка, Мікалая Зіміна, Сяргея Казелькі, Пятра Печкурова.

Рашэнне аб забастоўцы было прынятае шахцёрамі 17 жніўня на сходзе страйкавага камітэта "Беларуськалія". Там жа былі зацверджаныя патрабаванні страйкоўцаў: прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі, прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку і старшыню Цэнтрвыбаркама Лідзію Ярмошыну да адказнасці за злачынствы супраць народа і фальсіфікацыю выбараў, вызваліць усіх палітвязняў і ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, не дапусціць прымянення мер адміністрацыйнага ўздзеяння да ўдзельнікаў забастоўкі.

Пракурор Мінскай вобласці Сяргей Хмарук накіраваў у суд іск аб прызнанні забастоўкі незаконнай. 11 верасня Мінскі абласны суд у асобе суддзі Валянціны Караткевіч задаволіў іск пракурора, прызнаў забастоўку шахцёраў "Беларуськалія" незаконнай, бо рашэнне аб яе правядзенні было прынятае з парушэннем патрабаванняў Працоўнага кодэкса.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239