Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/14/ru_1059895_123/
Дата раздрукоўкі: 28.09.2020 08:09
14.09.2020 16:52 Эканоміка, Фінансы, Палітыка

Расія выдзеліць Беларусі крэдыт у 1,5 млрд долараў

Мінск, 14 верасня. Расія выдасць Беларусі крэдыт у 1,5 млрд долараў, заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін 14 верасня ў Сочы на перамовах з Аляксандрам Лукашэнкам.

Відэафрагмент пратакольнай часткі сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі апублікаваў у сваім тэлеграм-канале "Пул № 3" прадстаўнік крамлёўскага пула, журналіст "Комсомольской правды" Дзмітрый Смірноў.

"Мы дамовіліся аб тым, што Расія выдзеліць Беларусі ў гэты складаны момант крэдыт дзяржаўны — 1,5 мільярда долараў. І мы гэта выканаем", — сказаў прэзідэнт РФ.

Акрамя таго, Пуцін заявіў, што Расія застаецца прыхільнай усім дамоўленасцям, "уключаючы дамоўленасці, якія вынікаюць з дагавора аб Саюзнай дзяржаве, АДКБ".

"Мы разглядаем Беларусь як нашага бліжэйшага саюзніка і, безумоўна, як я вам ужо казаў неаднаразова ў тэлефонных размовах, выканаем усе ўзятыя намі на сябе абавязацельствы", — падкрэсліў ён.

Паводле звестак Міністэрства фінансаў Расіі, доўг Беларусі па крэдытах, вылучэнне якіх залежала ад РФ, перавышае 10 млрд долараў.

На 31 сакавіка 2020 года доўг Беларусі па міждзяржаўных крэдытах, выдадзеных Расіяй, складаў 7 млрд 924,7 млн долараў. Доўг Беларусі па крэдытах, выдадзеных Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця, у савеце якога старшынюе Мінфін Расіі, складаў 2 млрд 241,4 млн долараў.

У беларускім бюджэце на 2020 год былі прадугледжаныя выплаты па дзяржаўнаму доўгу ў памеры 3,9 млрд долараў. Амаль палова гэтых выплат Беларусь у бягучым годзе павінна была ажыццявіць на карысць Расіі і Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, якім фактычна кіруе расійскі Мінфін.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239