Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/09/15/eu_1060003_1060004/
Дата раздрукоўкі: 28.09.2020 08:58
15.09.2020 13:03 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Жазэп Барэль: Сітуацыя ў Беларусі для нас ясная — Лукашэнка не з'яўляецца легітымным прэзідэнтам

Мінск, 15 верасня. "Сітуацыя ў Беларусі для нас ясная. Мы лічым выбары, якія прайшлі 9 жніўня, сфальсіфікаванымі. Лукашэнка для нас не з'яўляецца легітымным прэзідэнтам Беларусі", — заявіў вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль 15 верасня на слуханнях у Еўрапарламенце.

Ён адзначыў, што беларускія ўлады працягваюць "жорстка душыць пратэсты". "Больш за сем з паловай тысяч мірных дэманстрантаў былі затрыманыя (з пачатку пратэстаў. — БелаПАН.), ёсць больш за 500 задакументаваных выпадкаў катаванняў у дачыненні да іх, — сказаў вярхоўны прадстаўнік ЕС. — Усе члены прэзідыума Каардынацыйнай рады, за выключэннем лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч, былі затрыманыя або іх прымусілі пакінуць краіну".

Паводле яго слоў, Еўрасаюз працягвае працу над увядзеннем санкцый у дачыненні да тых, хто адказны за фальсіфікацыю выбараў і гвалт у дачыненні да мірных грамадзян. "Маем намер прыняць іх як мага хутчэй. Яны павінны быць прынятыя да наступнага пасяджэння Еўрапейскага савета", — дадаў Барэль.

Надзвычайнае пасяджэнне Еўрапейскага савета запланаванае на 24—25 верасня.

Вярхоўны прадстаўнік ЕС падкрэсліў, што беларускія ўлады павінны спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да сваіх грамадзян і пачаць шырокамаштабны дыялог з грамадствам. На яго думку, пачатку такога дыялогу магла б спрыяць назіральная місія АБСЕ. "Аднак мы не змаглі звязацца з беларускімі ўладамі ні на якім узроўні", — дадаў ён.

Барэль нагадаў, што Еўрасаюз выдзеліў фінансавыя сродкі на падтрымку беларускага народа, у тым ліку для дапамогі пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў, і на падтрымку недзяржаўных СМІ.

Паводле слоў кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі, ЕС таксама цалкам перагледзіць свае адносіны з Беларуссю. Вызначаныя сферы, у якіх кантакты могуць быць скарочаныя або спыненыя цалкам, сказаў Барэль.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239